Беларускія чыноўнікі ўдзельнічаюць у міністэрскай канферэнцыі Руху недалучэння
2- 30.04.2009, 15:06
Беларусь на міністэрскай канферэнцыі кардынацыйнага бюро Руху недалучэння ў Гаване заклікае сусветную супольнасць каардынаваць намаганні для пераадолення глабальнага эканамічнага і фінансавага крызісу.
"Выступаючы на цырымоніі адкрыцця канферэнцыі, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік прыцягнуў увагу дэлегатаў да неабходнасці каардынацыі высілкаў усёй міжнароднай супольнасці для пераадолення глабальнага эканамічнага і фінансавага крызісу", паведамілі агенцтву "Інтэрфакс" у чацвер у МЗС Беларусі.
Там таксама паведамілі, што ў Гаване плануецца прыняць выніковы дакумент, які паслужыць падставай для падрыхтоўкі праекту выніковага дакумента XV саміту Руху недалучэння ў Егіпце ў ліпені 2009 года.
У праект выніковага дакумента міністэрскай сустрэчы ў Гаване ўключаныя прапановы Беларусі, заснаваныя на прыярытэтных задачах беларускай дэлегацыі ў ААН, паведамілі ў МЗС, удакладніўшы, што гаворка ідзе аб рэалізацыі ўніверсальнага перыядычнага агляду Рады па правах чалавека, аб заснаванні эфектыўнага міжнароднага механізму па палягчэнні доступу ўсіх краін да тэхналогій выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі, аб фарміраванні Глабальнага партнёрства супраць рабства і гандлю людзьмі і прыняцці Глабальнага плану дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі.
29 красавіка ў межах удзелу ў міністэрскай сустрэчы КБДН С.Алейнік правёў перамовы з міністрамі замежных спраў і кіраўнікамі дэлегацый Венесуэлы, Гватэмалы, Кубы, Іярданіі, Індыі, Лівіі, Судану і ААЭ, падчас якіх абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковых адносінаў і ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях, праінфармавалі ў МЗС.