25 красавiка 2024, Чацвер, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі спецназавец збіў беларускага прафесара

110
Расейскі спецназавец збіў беларускага прафесара

Абсалютна дзікі выпадак адбыўся 10 мая ў Менску: расейскі афіцэр спецназа з досведам баявых дзеянняў у Чачні жорстка збіў прафесара Андрэя Каляду.

Аб тым, што здарылася, распавядае ў сваім блогу вядомы беларускі драматург, кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

«Гэта адбылося ўчора, 10 мая, у дзень нашага ад'езду ў Лондан.

За мной заехаў брат, каб адвезці нас з Наташай у аэрапорт. Мы спусціліся ўніз разам: Наташа, мой цесць Андрэй Андрэевіч Каляда, малодшая дачка Дана і я. Машына стаяла перад пад'ездам. Мы пачалі пакаваць рэчы ў багажнік. За гэты час міма праехала пару машын суседзяў. Мы ўжо скончвалі пакаваць рэчы, калі прама за спіной пачулі віск тармазоў. Гэта была чорная Infinity, з нумарам 0707 НН-7 і пропускам структур СНД з расейскім сцягам на лабавым шкле. Акно апусцілася, і мы пачулі ў свой адрас струмень мацюкоў, з якога можна было зразумець толькі тое, што чалавек, які сядзіць за рулём, спазняецца.

Папрасіўшы чалавека не мацюкацца, паколькі побач стаяла нашае дзіця, я зачыніў дзверцы машыны, а Юра сеў за руль, каб трохі адагнаць машыну, і Infinity праехала паміж намі і металічнай агароджай. Кіроўца працягваў мацюкацца і пагражаць. Я яшчэ раз папрасіў яго не крычаць. Infinity праехала наперад, спынілася, і з яе выскачыў мужчына год 45-і атлетычнага складу. Ён кінуўся да машыны, адчыніў дзверцы, і некалькі разоў ударыў Юру, які знаходзіўся за рулём. Я кінуўся да яго, спрабуючы адцягнуць на сябе, ён павярнуўся і пайшоў на мяне з серыяй удараў. Спрабуючы супрацьстаяць, я практычна адразу зразумеў, што гэтая барацьба поспеху мне не прынясе: ягоныя ўдары прабівалі любыя блокі, якімі я спрабаваў абараніць галаву, а ад маіх зваротных удараў ён прафесійна сыходзіў. Шакаваў ягоны погляд: халодны і ашчадны.

Юра выскачыў з машыны, і паспрабаваў адцягнуць яго на сябе – гэта практычна атрымалася. У галаве была адна думка: каб Дана не патрапіла ў цэнтр пабоішча. Але тут нам паспрабаваў дапамагчы цесць, вырашыўшы, што сівавалосы сямідзесяцігадовы чалавек зможа спыніць вар'яцтва. Ён апынуўся прама паміж намі, і атрымаў прамы сустрэчны ўдар у скронь. Ён упаў як падкошаны. Незнаёмец, мабыць вырашыўшы, што час скончваць, кінуўся да машыны. Убачыўшы, што я схапіў тэлефон, ён крыкнуў: «Не спрабуйце тэлефанаваць у міліцыю – я сам адтуль». Ён скокнуў у машыну і з'ехаў.

Андрэю Андрэевічу мы дапамаглі падняцца – акуляры былі пабітыя, са скроні цякла кроў. Наташа праводзіла яго да кватэры, я вёў перамовы з міліцыяй. Мы вырашылі ўсё ж такі ляцець у Лондан, дзе была вызначана вялікая колькасць сустрэч, а квіткі на самалёт былі набытыя без права абмену. Усю дарогу да аэрапорта я размаўляў з міліцыянтамі, якія прынялі справу, і аператыўна выехалі да нас дадому. Хуткая дапамога забрала Андрэя Андрэевіча, але, да шчасця, апынулася, што расколін у скроневай костцы няма. Калі мы прыляцелі ў Лондан, тут жа патэлефанавалі бацькі і сказалі, што гэты чалавек, якога нескладана было знайсці, прыйшоў да нас дадому, і сказаў аб тым, што быў засмучаны з-за таго, што праспаў, і спазняўся праводзіць сястру на цягнік. А яшчэ дадаў, што ён расейскі афіцэр спецназа з дзесяцігадовым досведам баявых дзеянняў у Чачні. Гэты дадатак шматлікае растлумачыў.

Заява ў міліцыі засталася, але мой цесць баіцца за нас, і таму не хоча размаўляць з прэсай і наогул з кім бы тое ні было. Я ведаю, што адзіны шлях да бяспекі – гэта абсалютная галоснасць. Менавіта такім чынам я выбудоўваў «бар'еры бяспекі» у апошнія пятнаццаць год, спрабуючы зберагчы сваю сям'ю ад гвалту. Цяпер я разумею, што пагроза бяспекі рэальная, інфармацыйныя і ўласныя рэсурсы абмежаваныя, а разлічваць у забеспячэнні бяспекі варта толькі на ўласныя сілы. І, такім чынам, прымаць трэба зусім іншыя меры».

Напісаць каментар 110

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках