Менскія чыноўнікі палічылі «замкі закаханых» неэстэтычнымі
17- 19.06.2009, 15:26
У Менску цяперашнім летам будуць зрэзаныя замкі, павешаныя маладымі на парэнчах мастоў праз Свіслач.
Аб гэтым карэспандэнту агенцтва «Минск-Новости» паведаміў галоўны інжынер УП «Гараўтамост» Валер Вараніцкі.
Па ягоных словах, у сталіцы такія «упрыгожванні» зразаюць два-тры разы на год. Так, першую ў бягучым годзе «чыстку» парэнчаў праводзілі ў сярэдзіне лютага. Наступныя плануюцца ў сярэдзіне лета і ў канцы восені.
У сталічных маладых нядаўна з'явілася традыцыя - пасля заключэння шлюбу вешаць замкі на парэнчы мастоў, а ключы выкідваць у раку. Як лічаць маладыя, гэты сімвалічны акт гарантуе трываласць і надзейнасць сямейнай сувязі. Але, па словах Вараніцкага, традыцыя традыцыяй, а патрабаванні да эстэтыкі і бяспекі гарадскіх мастоў асаблівыя.