ФІФА патрабуе ад Ірана тлумачэнняў дыскваліфікацыі футбалістаў па палітычных матывах
1- 26.06.2009, 10:55
Іранскія спартоўцы выйшлі на поле з зялёнымі павязкамі ў знак падтрымкі патрабаванняў апазіцыі правесці вольныя выбары.
ФІФА накіравала ў Федэрацыю футбола Ірана ліст з патрабаваннем растлумачыць інфармацыю, якая паступіла, аб тым, што шэраг футбалістаў зборнай гэтай краіны, якія падтрымалі кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі Мір-Хасейна Мусаві, адхіленыя ад наступнага выступу за нацыянальную зборную.
Паводле звестак брытанскага тэлеканала Channel Four News і газеты The Guardian, некалькі футбалістаў зборнай Ірана, якія выйшлі на адборачны матч Чэмпіянату свету-2010 супраць Паўднёвай Карэі з зялёнымі бранзалетамі, якія значаць падтрымку іранскай апазіцыі, што заявіла аб фальсіфікацыі вынікаў нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў у краіне, пасля матчу былі пажыццёва адхіленыя ад выступу за зборную.
«Мы накіравалі ў Іранскую федэрацыю ліст з просьбай адказаць на некаторыя пытанні і растлумачыць інфармацыю, якая паступіла, аб тым, што адбылося з шэрагам футбалістаў зборнай Ірана пасля матчу з Паўднёвай Карэяй», - цытуе прадстаўніка ФІФА AFP.
Нагадаем, матч супраць Паўднёвай Карэі скончыўся з лікам 1:1.
