У дзіцячых летніках увялі гадзіны палітінфармацыі
24- 1.07.2009, 9:31
Новую «патрыятычную» акцыю праводзяць у дзіцячых аздараўленчых летніках па ўсёй Беларусі.
Дзесьці на дзіцячую палітінфармацыю адводзіцца дзве гадзіны ў тыдзень, дзесьці ідэалагічная праца праводзіцца штодня, паведамляе «Еўрарадыё».
«Гэта рэспубліканская акцыя «Мая радзіма — Беларусь». Праводзіцца ў сувязі з 65-годдзем Вялікай Перамогі амаль ва ўсіх летніках рэспублікі, — пацвярджае інфармацыю Таццяна Аўдзеева, супрацоўніца аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы камітэта адукацыі пры Менгарвыканкаме. — А там праходзяць і лінейкі памяці, і сустрэчы з ветэранамі і шмат якія іншыя цікавыя мерапрыемствы».
Праўда, мерапрыемствы ў летніках кожны праводзіць, як умее. Дзесьці ўвялі гадзіны палітінфармацыі, дзесьці патрыятызм выхоўваюць у гульнявой форме.
«Мы пра гэта чулі, праводзім працу ў гэтым плане. Пакуль гэта ў пачатковым стане, — прызнаецца дырэктар летніка «Церамок» вёскі Барок Валожынскага раёна Іван Куракін. — Па-першае, праводзяцца «зарніцы», гэта ўжо падкрэслівае патрыятызм. Потым — конкурс ваенна-патрыятычных спеваў. А таксама лінейкі, прысвечаныя Дню памяці, відэакліпы, конкурс малюнкаў на асфальце. Мы, вядома, тут звязваемся з нашым камсамолам, бярэм у іх нейкія дакументы».
Але, паводле словаў Івана Куракіна, сапраўднаму патрыятызму вучаць не ў звычайных летніках, як «Церамок», а ў элітных.
«Трэба такія летнікі вам паглядзець, як «Ракета» у Ждановічах ці «Загор'е» Белтэлекама, ну і, вядома, наш флангавы летнік на Нарачы «Зубраня». Там ўсё гэта ў авангардзе», -- кажа Іван Куракін.
У некаторых элітных летніках адпачынку заняткі па палітінфармацыі вядуць не тое што выхавальнікі, а нават сапраўдныя выкладчыкі з навуковымі ступенямі.
«З імі едуць і прафесары, будуць праводзіць з дзецьмі некаторую частку заняткаў «Мая Радзіма — Беларусь», — паведамілі ў радашковічскім летніку ад Белдзяржуніверсітэта «Брыганціна». — А астатнюю частку дзеці будуць займацца грамадскім адпачынкам. Гэта ўсё ў гульнявой форме, гэта не навязванне, як у школе».