Салігорскія дворнікі могуць абвесціць страйк
5- 21.07.2009, 13:10
10 жніўня ЖКГ Салігорска пераводзіць тэхнічны персанал домаўпраўленняў на рэжым няпоўнага працоўнага часу.
Для гараджанаў гэта пагражае зрывам тэрмінаў рамонтных працаў, а таксама тым, што двары і пад'езды будуць прыбіраць значна радзей. Для саміх жа прыбірашчыцаў, дворнікаў і слесараў гэта будзе азначаць зніжэнне і без таго мізэрнай зарплаты. Аднак кіраўнік ЖКГ Ігар Дзялендзік лічыць, што пасля зніжэння заробку тая ж прыбіральшчыца зможа пражыць годна нават з дзецьмі, паведамляе Regionby.org.
Па словах працаўнікоў ЖКГ, іх зарплата ў сярэднім складае менш за 400 тысячаў беларускіх рублёў. Пры гэтым знайсці новую працу ў Салігорску складана.
Мясцовы цэнтр занятасці робіць справаздачу перад начальствам, што ў Салігорску беспрацоўных крыху больш за адзін адсотак. На самой справе сітуацыя выглядае нашмат горш. Проста астатнія жыхары, якія не маюць пастаяннай працы, у цэнтр занятасці не ідуць. Няма сэнсу станавіцца на ўлік, калі аплачвальных вакансіяў няма.
«У начальнікаў адзін адказ: «Не падабаецца - сыходзіце!» - распавядае адна з прыбіральшчыцаў ЖКГ. - Абароны няма. Хацелі мы схадзіць у прафкам у сувязі з тым, што капейкі нашыя ўразаюць. Ды потым плюнулі: ніколі наш прафкам супраць дырэктара слова не скажа».
«Сапраўды, ніводнай скаргі не было, - пацвярджае старшыня прафкама Людміла Ткачова. - Вядома, нашыя шэраговыя працаўнікі мала атрымліваюць. А тут яшчэ гэтае будучае ўразанне… Але, можа, яшчэ абыйдзецца неяк».
Аднак у кантракце наймальніка з працаўніком чорным па белым напісана: «Працаўнік мае права на гарантаваную, справядлівую долю узнагароды… не ніжэй за узровень, які забяспечвае працаўнікам і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне». Дырэктар Салігорскага ЖКГ Ігар Дзялендзік упэўнены, што гэтага пункта кантракту наймальнік ў дачыненні да персанала домаўпраўленняў не парушаў.
«Годна жыць можна і на 300 тысячаў у месяц, -- заяўляе ён. -- Нават з дзецьмі. А рэжым няпоўнага працоўнага дня ўводзіцца таму, што няма грошай. Бюджэт пусты. Ад «Белкалія» падтрымкі гораду зараз нашмат менш - ён сам у цяжкім становішчы. А квартплата маленькая. У іншых краінах ведаеце, колькі плацяць за жыллё?»
Згадка пра тое, што ў развітых краінах узровень прыбыткаў насельніцтва, прынамсі, на парадак вышэйшы, Ігар Дзялендзік успрыняў з недаверам. Сказаў, што гэта нармальна, калі камунальныя плацяжы зраўняюцца з заробкам нізкааплатнай катэгорыі насельніцтва.
Каб выплаціць зарплату за мінулы месяц, кіраўніцтву ЖКГ прыйшлося ўзяць крэдыт у банку. А ў аддзеле кадраў паведамілі, што ў параўнанні з пяццю месяцамі 2008 года ў цяперашнім за студзень-травень ЖКГ-Комплекс недаатрымаў 2 мільярды 219 мільёнаў.
Праўда, чаму набралася настолькі ўражвальная сума, Ігар Дзялендзік тлумачыць не захацеў. Ён наогул яе не прызнаў і зрабіў здагадку, што на тэлефанаванне ў аддзел кадраў адказала прыбіральшчыца, якая выконвала там свае непасрэдныя абавязкі.
«Квартплата расце амаль кожны месяц, тэхнічнае абслугоўванне кватэраў ужо даўно платнае, а працаўнікі, прабачыце, без штаноў! Ды абвесцілі б яны страйк. За тыдзень дамагліся б свайго! - лічыць жыхар горада, былы шахцёр, які захацеў застацца неназваным. - Уяўляеце, што было б, калі бы ў горадзе тыдзень не прыбіралі!»
Дарэчы, у кантракце наймальніка з працаўніком прапісана права на страйк.