Амніставаны актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Баразенка
1- 14.08.2009, 12:48
Апазіцыянер гатовы працягнуць удзел у барацьбе за вызваленне астатніх палітычных вязняў.
Для фігуранта нашумелай «справы 14-ці», актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандра Баразенкі, як і для амніставаных раней удзельнікаў працэсу Міхаіла Субача, Паўла Вінаградава і Міхаіла Пашкевіча, амністыя стала нечаканасцю.
«У сераду мяне выклікалі ў пракуратуру горада Пінска. Спачатку я вельмі насцярожыўся, таму што падумаў, што ў дачыненні да мяне, як і ў дачыненні да Арцёма Дубскага будзе ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 415 Крымінальнага Кодэкса, нібыта за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Але ў пракуратуры паведамілі, што да мяне ўжываецца закон аб амністыі. Вядома, гэта стала для мяне нечаканасцю, і ў хуткім часе я вярнуся ў Менск для таго, каб змагацца за вызваленне палітвязняў, якія засталіся», -- распавёў Баразенка прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі».
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзена 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 гадоў калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да суда 9 снежня 2008 года ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондарь, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.
У пачатку чэрвеня патрапіў пад амністыю лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч. У сярэдзіне ліпеня быў амніставаны ўдзельнік «Працэсу 14-ці» Міхаіл Субач.
15 чэрвеня 2009 года актывіст «Еўрапейскай Беларусі» непаўнагадовы Максім Дашук быў асуджаны за парушэнне правілаў адбыцця пакарання і прысуджаны да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на год і тры месяцы.
7 ліпеня 2009 актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі быў асуджаны па тым жа 415 артыкуле Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў адбыцця пакарання) і прысуджаны да года пазбаўлення волі. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА №5 Бабруйска.