14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзеці так і не атрымалі ад Лукашэнкі адказаў на свае пытанні

18

Сам «адказ» уяўляе з сябе папку з назвай «Маладосць мая», унутры - рэкламны буклет, зборнік песняў «Маладосць мая» і карты абласцей Беларусі.

У траўні мінулага года па ўсёй краіне праходзіла акцыя «Задай пытанне прэзідэнту», арганізаваная БРСМ. Школьнікам ва ўсіх навучальных установах прапаноўвалася напісаць ліст Лукашэнку і задаць пытанні, якія іх хвалююць, піша «Наша Ніва».

Шмат хто з дзіцячай непасрэднасцю адгукнуўся і напісаў. Пыталіся пра рознае: напрыклад, былі пытанні пра самае яскравае дзіцячае ўражанне Лукашэнкі, пра тое, як ён уяўляе будучыню Беларусі, і нават пра тое, калі будзе вернуты бел-чырвона-белы сцяг.

Не прайшло і паўгады, як БРСМ правяло чарговую акцыю - дзецям, якія задалі «лепшыя» пытанні, паведамілі, што яны атрымаюць адказ ад Лукашэнкі. Гэта выклікала пэўнае ўзрушэнне!

Адказы ўручаліся на наступны дзень на спецыяльных сходах, дзе прадстаўнікі ўлады і БРСМ дзякавалі дзецям за актыўнасць і падкрэслівалі, што ўлада прыслухоўваецца да людзей і рэагуе на ўсе пытанні.

Паказальна, што сам «адказ» уяўляе з сябе папку, на вокладцы якой размешчаны надпіс «Маладосць мая» і сімвалы «УЛКСМ» і «БРСМ». Унутры - рэкламны буклет з такой жа назвай, дыск з відэа «Жыццё прыгожае пражыць», зборнік песняў «Маладосць мая» і фотамазаіка з такой жа назвай, карты абласцей Беларусі, а таксама ўласна «ліст ад прэзідэнта» - аддрукаваны тэкст на расейскай мове, аднолькавы для ўсіх, у якім, у прыватнасці кіраўнік дзякуе удзельнікам акцыі за тое, што яны «неабыякава глядзяць на тое, што адбываецца навокал», запэўнівае, што «пытанні ўдзельнікаў акцыі не застануцца без увагі», жадае «моцнага здароўя, поспехаў у навучанні» і заклікае: «Будзь адважным, спрабуй, імкніся да новых вяршыняў!»

Словам, так і не атрымалі дзеці адказаў на свае пытанні, не даведаліся, якімі былі дзіцячыя ўражанні Лукашэнкі, як ён уяўляе сабе нашую агульную будучыню і калі верне нацыянальны сцяг.

Цікава таксама, як адбіраліся тыя з дзяцей, каму ўручаўся гэты «адказ»? Кажуць, проста ўзялі першых і апошніх па спісе з класнага журнала.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках