28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады будуць шукаць «дармаедаў»

99

Урад Беларусі вырашыў выявіць эканамічна пасіўных грамадзян.

«Поўны партрэт працоўных рэсурсаў краіны» санкцыянаваны спецыяльнай пастановай беларускага Савета міністраў. Дзяржава мае намер сабраць інфармацыю і пра эканамічна пасіўных людзей», падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення палітыкі занятасці і народанасельніцтва Мінпрацы Мікалай Коханаў, перадае BBCrussian.com.

«У цяперашні час ёсць інфармацыя пра тых людзей, якія працуюць, вучацца, служаць у войску, знаходзяцца ў месцах пазбаўлення свабоды, лічацца беспрацоўнымі. Але эканамічна пасіўныя людзі практычна застаюцца за кадрам», - цытуе чыноўніка афіцыйнае агенцтва БелТА.

Дзяржаву, паводле словаў Коханава, цікавяць «пол, узрост, адукацыя, месца пражывання, крыніцы фарміравання сямейнага бюджэту, ці робяць яны спробы ўладкавацца на працу альбо атрымаць спецыяльнасць, ці не выязджаюць на заробкі за мяжу».

Шукаць тых, хто «за кадрам», пойдуць па хатах: штоквартальнае выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак на прадмет занятасці працаздольных стане рэгулярным праз год. «Пробныя» праверкі абяцаныя ўжо са студзеня.

Істотная частка беларусаў працуе неафіцыйна, і ініцыятыва ўладаў успрымаецца як спроба абкласці падаткамі іх заробкі.

Таўро для апанентаў?

Непрыемная працэдура пераліку маёмасці і заробкаў пагражае перш за ўсё палітычным апанентам улады, лічыць лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Я думаю, што гэта яшчэ адна ўціхамірвальная кашуля, якую ўлады паспрабуюць апрануць на іншадумцаў-грамадзян. Пастараюцца падвесці пад нейкую адказнасць, каб людзі не займаліся палітычнай дзейнасцю. Як кажа Лукашэнка, не мітынгаваць, а рыдлёўку ў рукі!», - заўважае Лябедзька.

Крытыкі беларускіх парадкаў ўпэўненыя, што цяперашняя ўлада заклапочаная зусім не вывучэннем рынку працоўнай сілы.

«Некаторы час таму да нас звярталіся ўстрывожаныя і абураныя бацькі: школьныя настаўнікі раздалі анкеты, у якіх прапаноўвалася адлюстраваць заробак, крыніцы прыбыткаў. Мабыць, у настаўнікаў не атрымалася, цяпер да інспекцыі заклікалі Нацыянальны статыстычны камітэт», - мяркуе праваабаронца Людміла Гразнова.

Кожны пяты шукае прыбытак на баку

Афіцыйны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі - крыху больш за 1%. Праўда, беспрацоўным лічыцца толькі той, хто стаў на ўлік у службе занятасці насельніцтва.

Паводле падлікаў жа незалежных эканамістаў, да 20% працаздольнага насельніцтва настойліва шукаюць заробак-прырабатак, імкнучыся, але хаваюць гэта, не жадаючы плаціць падаткі.

Прымусіць беларусаў прыносіць карысць радзіме ўлады спрабуюць ўжо не ў першы раз. Больш за год таму дэпартаменту міліцыі па грамадзянстве і міграцыі быў аддадзены загад выявіць і вярнуць у Беларусь тых будаўнікоў, швачак, аўтамеханікаў, што падаліся на заробкі за мяжу.

Сусветны эканамічны крызіс спрацаваў эфектыўней, чым беларуская міліцыя. Прыкладна палова з мільёна беларускіх гастарбайтараў, якія працавалі ў Расеі, вымушаныя былі вярнуцца дадому. Але працаўладкаванню ў мясцовых канторах і арганізацыях «вяртанцы» аддалі перавагу прыватным нелегальным замовам.

«Я запатрабаваны і аддаю перавагу працаваць на сябе. Часам задумваюся, зрэшты, што недзе наперадзе маячыць пенсія і дзяржава налічыць мне капейкі... Але мой бацька трыццаць гадоў адпрацаваў на заводзе, быў ударнікам працы, а на пенсію пражыць не можа!» - распавядае майстар Ігар.

Ігар перабіваецца рамонтамі менскіх кватэраў, але заробкамі не задаволены і марыць вярнуцца ў падмаскоўныя катэджы.

«Ды я там за месяц зарабляю столькі, колькі тут за тры. А на дзяржаўнай будпляцоўцы за такія грошы ўсё паўгода ўкалываць прыйдзецца. Лавіць будуць? Абследаваць? Хай спачатку знойдуць, - усміхаецца Ігар. - Няма пакуль такога закона, паводле якога я абавязаны захоўваць мясцовыя чэкі на тэлевізары-апалонікі».

Вырашыць праблему забаронай «адыходжага промыслу» нерэальна, мяркуюць аналітыкі.

«Водгалас брэжнеўскіх часоў»

Праграму абследавання хатніх гаспадарак з мэтай выяўлення эканамічнай актыўнасці грамадзян кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка называе «водгаласам брэжнеўскіх часоў».

«У Савецкім Саюзе была афіцыйнай дактрына ўсеагульнай занятасці і меры па барацьбе з дармаедствам. Мы паўтараем СССР, мадэрнізаваўшы лексіку. Але эканамічна пасіўным з'яўляецца і чыноўнік, які сядзіць на зарплаце і нічога карыснага не робіць!», - насміхаецца Заіка.

«А людзям патрэбныя разумныя эканамічныя законы, паводле якіх чалавек не баіцца праявіць працоўную ініцыятыву і ўпэўнены, што заробленае ў яго не адбяруць. У Беларусі, нажаль, занятыя не распрацоўкай такіх законаў, а прыдумленнем кантрольных мераў сумніўнай эфектыўнасці», - мяркуе аналітык.

Дарэчы, выдаткі на выяўленне эканамічна пасіўных грамадзянаў рашэннем беларускага ўраду ўскладаюцца на бюджэт. Гэта значыць лавіць дармаедаў - сапраўдных ці ўяўных - будуць за кошт тых, хто і так плаціць падаткі.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках