Гераізму Мікалая Аўтуховіча прысвяцілі фільм (Фота, відэа)
11- 11.11.2010, 10:35
Прэзентацыя фільма «Падарожжа па бясконцай вайне», які прысвечаны палітвязню Мікалаю Аўтуховічу, адбылася 10 лістапада ў менскім офісе Партыі БНФ.
На мерапрыемстве прысутнічалі больш за 60 чалавек, у тым ліку былыя палітвязні Уладзімір Асіпенка і Аляксандр Казулін.
Як адзначыла ў інтэрв'ю БелаПАН рэжысёр карціны Вольга Мікалайчык, гэты фільм даўся ёй з вялікай цяжкасцю. Ён распавядае пра Мікалая Аўтуховіча як пра воіна-інтэрнацыяналіста, якія ваяваў у Афганістане, як пра паспяховага прадпрымальніка і пра тое, як беларускія ўлады пазбавілі яго бізнесу і сфабрыкавалі ў дачыненні да яго дзве крымінальныя справы.
«Я вельмі рада, што ў мяне атрымалася зрабіць гэты фільм. Гэта было вельмі цяжка - глядзець на слёзы маці Аўтуховіча, на слёзы яго дачок пры здымках і мантажы. Калі ты бачыш, што іх мужа і бацьку хочуць згнаіць у турме ні за што, дык зразумела, што з такім матэрыялам працаваць вельмі цяжка», - сказала Мікалайчык.
«Мне было цяжка маральна, псіхалагічна, і нават фізычна», - дадала яна.
«Натхняла тое, што ў Беларусі сёння ёсць свае героі, і ёсць людзі, якія змаглі гэтых герояў абараніць, не даць ім памерці ў турмах. Любая сучасная нацыя ганарылася б такімі героямі і такімі абаронцамі герояў», - лічыць Мікалайчык.
Стужку працягласцю 69 хвілін можна будзе паглядзець у інтэрнэце. Магчыма, яе пакажуць па тэлеканале «Белсат». «Фільм ужо прайшоў на праваабарончых фэстах, на праваабарончых сайтах, распаўсюджваецца з рук у рукі. Я сама ўжо раздала каля ста дыскаў з фільмам, паколькі людзі патрабуюць: «Скапіюйце, распаўсюдзьце, гэта трэба», - адзначыла рэжысёр.
Прысуды па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў былі абвешчаныя ў Вярхоўным судзе ў траўні гэтага года. Аўтуховіча прысудзілі да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму, Уладзіміра Асіпенку - да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. 5 лістапада Асіпенка быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.
Праваабаронцы лічаць асуджаных па гэтай справе палітвязнямі, паказваючы на сур'ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суда.

Уладзімір Асіпенка і Аляксандр Казулін

Рэжысёр Вольга Мікалайчык