9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Новыя пазыкі заганяюць Беларусь у даўгавую яму

8

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» перакананы, што дзяржава змарнуе гэтыя грошы зусім бяздарна.

Эксперты Міжнароднага валютнага фонду называюць Беларусь плацёжаздольнай краінай і кажуць пра гатоўнасць і надалей даваць ёй крэдыты. Беларускія аналітыкі папярэджваюць, што новыя пазыкі заганяюць краіну ў даўгавую яму, перадае «Нямецкая хваля».

Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) на чале з Крысам Джарвісам знаходзілася ў Беларусі з 3 па 16 лістапада «з мэтай правядзення кансультацыяў з афіцыйнымі органамі і іншымі зацікаўленымі асобамі». Супрацоўнікі місіі ўбачаным і пачутым засталіся цалкам задаволеныя. І, звярнуўшы ўвагу на пэўныя недахопы, заявілі, што Беларусь з'яўляецца плацёжаздольнай краінай, якой МВФ і надалей гатовы даваць крэдыты.

Галоўным недахопам Крыс Джарвіс лічыць тое, што макраэканамічная палітыка, якая праводзіцца беларускім урадам, мякчэйшая, чым хацелася б. Джарвіс лічыць, што падвышэнне зарплаты бюджэтнікам і пашырэнне крэдытавання ў межах дзяржпраграмаў павялічылі дэфіцыт рахунку бягучых аперацыяў. На думку кіраўніка місіі МВФ, скарачэнне гэтага дэфіцыту павінна стаць прыярытэтам для ўладаў.

Важна, каб эканамічная палітыка была паслядоўнай і трывалай, каб не пакладацца на знешнія запазычанні бясконца, падкрэсліў Крыс Джарвіс.

На думку беларускіх незалежных экспертаў, паслядоўнасці ў эканамічнай палітыцы ўлады якраз і не дэманструюць.

Беларусь супрацоўнічае са МВФ з 1992 года. Першыя гады былі адзначаныя нязначнымі запазычаннямі. У 1993 і 1995 гадах краіна атрымала ў крэдыт на суму каля 300 мільёнаў даляраў. Потым надышла доўгая паўза. А ў 2004 годзе Менскам і зусім было прынятае рашэнне адмовіцца ад пазыкаў МВФ, абмежаваўшыся тэхнічным бокам супрацоўніцтва. Паваротным стаў крызісны 2009 год, калі Міжнародны валютны фонд даў Беларусі па праграме stand-by больш за 3,5 мільярды даляраў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка перакананы, што дзяржава змарнавала гэтыя грошы зусім бяздарна.

«Усе сродкі пусцілі на ўтрыманне курсу рубля, а ў выніку на кожнай беларускай сям'і сёння вісіць доўг перад МВФ у 1440 даляраў», - падлічыў Заіка.

Заіка кажа, што новыя пазыкі заганяюць краіну ў даўгавую яму. Ён прапануе беларускім уладам па запазычанні звярнуцца да беларускага народа. Насельніцтва сёння трымае ў банках усяго толькі 5 адсоткаў ад сваіх зберажэнняў, кажа эканаміст.

«Калі Японія пачынала выходзіць на сусветны рынак, норма зберажэння хатніх гаспадарак там была 30 адсоткаў», - паказвае Леанід Заіка.

Ён нагадаў, што згодна з эканамічным разлікам, калі краіна ашчаджае менш за 10 адсоткаў даходаў, у ёй спыняецца інвестыцыйны рост.

Калі беларускія ўлады здолеюць стварыць умовы для прыцягнення інвестыцыяў уласных грамадзянаў, краіна цалкам абыйдзецца без замежных крэдытаў, перакананы эканаміст.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках