Польскія СМІ: Польшча не аддасць Беларусі без бою нафтаправод Адэса-Броды
10- 23.11.2010, 11:07
Па трубаправодзе Адэса-Броды нафта пайшла не ў бок Польшчы, а ў бок Беларусі.
Пра гэта піша «Gazeta Wyborcza», адзначаючы, што Менск, у сваю чаргу, хоча транспартаваць па гэтым трубаправодзе і азербайджанскую нафту.
Паводле паведамлення газеты, 23 лістапада Баку наведае віцэ-прэм'ер, міністр эканомікі Вальдэмар Паўляк, які мае намер абмеркаваць з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым і іншымі высокапастаўленымі асобамі пытанні супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі.
«Gazeta Wyborcza» нагадвае, што Польшча ўжо доўгі час вядзе перамовы аб пастаўках і транзіце азербайджанскай нафты па трубаправодзе «Адэса-Броды», які павінен быў быць падоўжаны да Плоцка. Кампанія «Сарматыя», заснавальнікамі якой з'яўляюцца ГНКАР Азербайджана, GOGC Грузіі, АВ «Klaipedos Nafta» Літвы, PERN «Przyjazn» S.A. Польшчы, «Ukrtransnafta» Украіны, плануе атрымаць 143 млн даляраў па праграме Еўразвяза «Інфраструктура і навакольнае асяроддзе» для будаўніцтва нафтаправода Броды-Плоцк. У красавіку 2009 года было зацверджана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне (ТЭА) праекта Еўра-Азіяцкага нафтатранспартнага калідора (Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск), пацвердзіла эфектыўнасць праекта і наяўнасць попыту на лёгкую нафту ў Еўропе.
Згодна з планамі, нафта з азербайджанскіх радовішчаў Каспійскага басейна павінна прайсці да грузінскага чарнаморскага парта Поці, а адтуль танкерамі да Адэсы. Далей па трубаправодзе нафту плануецца паставіць да ўкраінскага горада Броды, адкуль мяркуецца падаўжэнне трубы да Польшчы.
Газета адзначае, што пасля таго, як выбухнуў фінансавы крызіс, пытанні паставак азербайджанскай нафты ў Еўропу адышлі на задні планы, і міністэрства рэгіянальнага развіцця Польшчы хацела перанакіраваць сумы, атрыманыя з фондаў ЕЗ, на падаўжэнне нафтаправода на іншыя інвестыцыі. «Але ў гульню ўступіла Беларусь, якой Расея падвысіла пошліны на нафту, прымушаючы беларускія НПЗ працаваць на палову магутнасці. З багны Менск выцягнула Венесуэла, распачаўшы пастаўкі сваёй нафты. Пазней увесну да Адэсы пачалі даходзіць танкеры з нафтай з Венесуэлы, якая потым дастаўлялася чыгуначным шляхам праз Украіну ў Беларусь. Гэта затратная схема транспарціроўкі, і ў пошуках эканоміі ўлады Беларусі пераканалі Украіну распачаць пастаўкі нафты па трубаправодзе «Адэса-Броды», - піша газета, адзначаючы, што з 20 лістапада ўпершыню нафту пайшла так, як гэта было запланавана раней.
У 2004 годзе, нагадвае «Gazeta Wyborcza», прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, насуперак дамоўленасцям з Польшчай, саступіў трубу для экспарту расейскай нафты праз Адэсу.
«Усе гэтыя шэсць гадоў Масква, блакуючы канкурэнцыю, засноўвала ўласныя тэрміналы. Паводле дадзеных расейскай кампаніі «Транснафта», з наступнага года, яны не будуць выкарыстоўваць порт у Адэсе, паколькі ўжо не маюць патрэбы ў ім. Фактычна расейцы ўжо некалькі тыдняў не выкарыстоўваюць трубаправод «Адэса-Броды», - піша крыніца.
Аднак, пробная партыя нафты, якая транспартуецца гэтым нафтаправодам ў Беларусь, з'яўляецца расейскай.
Агенцтва Рэйтэр адзначае, што Менск, праз швейцарскую кампанію Glencore замяніў танкер з венесуэльскай нафтай на танкер з нафтай з Наварасейска, што дазволіла зэканоміць на транспартаванні.
«Сёння Менск спрабуе дамовіцца аб замене венесуэльскай нафты на сыравіну з Азербайджана», - адзначае газета.