Беларусаў загналі ў даўгавую яму: кожны павінен ужо па $2,5 тысячы
31- 24.11.2010, 9:50
Менш чым за 10 гадоў доўг Беларусі вырас больш чым ў 10 разоў.
У далёкім 2001 годзе Аляксандр Лукашэнка галоўнай заслугай свайго кіравання назваў тое, што «мы не нахапаліся замежных пазыкаў», а таксама клятвенна абяцаў беларусам і надалей не трапляць у крэдытны «капкан». Як запэўніванні Лукашэнкі стыкуюцца з яго справамі, даведалася газета «Салідарнасць».
Сёння гэта падаецца ўжо сюжэтам з нейкага фантастычнага фільма, аднак яшчэ ў 2001 годзе напярэдадні выбараў, выступаючы на Другім усебеларускім сходзе, беларускі кіраўнік выхваляўся: «Мы не змарнавалі народны здабытак, не нахапаліся замежных пазыкаў, не ўлезлі ў даўгі, аддаваць якія прыйшлося б дзецям і ўнукам!»
Сапраўды, каму спадабаецца перспектыва – апынуцца па вушы ў даўгах? Праўда, дыктатар і тады быў не зусім дакладны. Доўг у Беларусі на той момант усёткі меўся, хаця па сённяшніх мерках і не такі вялікі — 2 мільярды 92 мільёны даляраў, ці 209 USD на кожнага беларуса. Для параўнання: у 1997 годзе асобна ўзяты грамадзянін павінен быў 197 даляраў.
Ішлі гады, а рыторыка Лукашэнкі заставалася ўсё той жа, а вось доўг, на жаль, не. У 2007 годзе нашая краіна набрала ўжо крэдытаў на 6 млрд.844 млн. даляраў. А кіраўнік усё працягваў вяшчаць пра жыццё без даўгоў.
«Бясспрэчнай перавагай нашай мадэлі эканамічнага развіцця з'яўляецца тое, што мы не ўлезлі ў даўгі. Крэдыт – гэта капкан, у які патрапім нават не мы, а нашыя дзеці і ўнукі. Ні ў якім выпадку нельга дапусціць, каб крэдыт ператварыўся ў сродак ціску на нашую краіну», — адзначаў у штогадовым пасланні Лукашэнка ў 2007 годзе.
Аднак той факт, што нашая краіна ўсё трывалей садзіцца на крэдытную іголку, з кожным годам нарошчваючы тэмпы запазычанняў, хаваць станавілася ўжо бессэнсоўна. СМІ наперабой вяшчалі пра расейскія, кітайскія, МВФаўскія і яшчэ бог ведае якія крэдыты, закліканыя выратаваць нашую эканоміку. Зараз ужо і Лукашэнка заяўляў, што, атрымаўшы міжнародныя крэдыты, нашая краіна атрымала «запас трываласці». І ні словы пра жыццё без даўгоў як пра бясспрэчную перавагу нашай эканамічнай мадэлі.
Вось так паволі да кастрычніка 2010 года Беларусь паспела завінаваціцца агулам больш за 23 млрд. даляраў (з іх 9,6 млрд. складае дзярждоўг). Зараз кожны з нас, уключаючы грудных немаўлятаў, павінен, ні многа, ні мала — амаль 2,5 тысячы USD (у 2009-м — 1,6 тыс.). Тэндэнцыя, ведаеце, малапрыемная: за 10 гадоў доўг Беларусі вырас больш чым у 10 разоў!
І, мяркуючы па ўсім, гэта не мяжа. Калі, вядома, беларусы не аддадуць перавагу новай эканамічнай мадэлі, у якой словы не будуць так моцна разыходзіцца са справамі.