У Магілёве зрываюць агітацыйныя матэрыялы Саннікава
28- 8.12.2010, 16:18
Больш за сотню агітацыйных плакатаў кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава штодня знікае са стэндаў у Магілёве.
Як сцвярджае давераная асоба кандыдата Віктар Болдзін, у асабліва людных месцах плакаты вісяць не больш за тры гадзіны. Хто зрывае агітацыйныя матэрыялы, чальцам каманды Саннікава невядома, перадае «Радыё Свабода».
«Я магу прывесці прыклад. На адной з вуліц зрывалі плакаты два разы за дзень. Я тады папярэдзіў дворнікаў, што гэта дзяржаўная маёмасць і за яе пашкоджанне прадугледжаны штраф да мільёна рублёў. І так супала, што там плакаты вісяць дагэтуль некранутыя з выходных. Можа, гэта і супадзенне, але падзейнічала», - заўважыў Віктар Болдзін.
Ён таксама падкрэсліў, што агітацыйным плакатам Андрэя Саннікава не атрымоўваецца правісець суткі і на дошцы аб'яваў, што на прыпынку каля гарвыканкама. Гэтае месца – непадалёк ад пляцоўкі, дзе штодня стаяць пікеты ў падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты.
У абодвух раёнах Магілёва каля ста пяцідзесяці стэндаў для аб'яваў.