Менскія звалкі перапоўненыя снегам
- 12.02.2010, 9:25
Снег у Менску вывозіцца на 17 дазволеных месцаў часовага складавання. Але і яны перапаўняюцца.
З 28 студзеня па 8 лютага ў Менску выпала каля 20 см снежных ападкаў, што складае 40% месячнай нормы. Агульная плошча вулічна-дарожнай сеткі сталіцы складае 14 млн.кв.м. Патрабавалася прыбраць 2,8 млн.куб.м снегу. За гэты перыяд вывезена амаль 300 тыс.куб.м снегу, ці каля 10%, паведаміў БелТА намеснік начальніка аддзела гарадской гаспадаркі Менгарвыканкама Андрэй Мельнікаў.
Па словах чыноўніка, снег вывозіцца на 17 дазволеных месцаў часовага складавання. Вываз снегу на Лошыцкую звалку прыпынены ў сувязі з яе перапаўненнем.
«Для падтрымання вулічна-дарожнай сеткі горада ў належным стане з 28 студзеня па 2 лютага было задзейнічана каля 880 адзінак спецтэхнікі ў змену, у тым ліку каля 230 самазвалаў іншых арганізацыяў, - распавёў Андрэй Мельнікаў. - З 2 лютага, калі ападкі спыніліся, 120 машынаў былі ўжо ў рэзерве. А з 6 лютага колькасць тэхнікі, якая дадаткова прыцягваецца, скарацілася да 140 адзінак».
Між тым камунальныя службы горада заяўляюць менчукам пра іх абавязкі. Па словах камунальнікаў, аўтаўладальнікі, якія захоўваюць машыны каля сваіх дамоў, павінны своечасова прыбіраць снег у радыусе 1 м ад аўто. Парушальнікам ужо выдадзена амаль 8 тыс. загадаў. Павінны падтрымліваць парадак і жыхары прыватнага сектара і прыбіраць тэрыторыю каля свайго дома да сярэдзіны праезжай часткі.