Андрэй Кудзіненка: Забарона «Акупацыі. Містэрыі» была чынавенскай самаўпраўнасцю
2- 12.02.2010, 10:41
Беларуская прэм'ера карціны на вялікім экране адбудзецца 15 лютага праз 5 гадоў пасля стварэння.
Забарона на паказ у Беларусі мастацкага фільма пра жыццё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі «Акупацыя. Містэрыі» была чынавенскай самаўпраўнасцю. Пра гэта заявіў рэжысёр карціны Андрэй Кудзіненка, каментуючы TUT.by вяртанне фільму пракатнага пасведчання.
Нашумеламу фільму беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», забароненаму да паказу ў Беларусі яшчэ ў 2004-м годзе, вярнулі пракатнае пасведчанне.
«Для мяне гэта навіна не стала сюрпрызам. Кінакрытык Антон Сідарэнка неяк прапанаваў паказаць «Акупацыю» у сваім кінаклубе «Формула кіно» у кінатэатры «Піянер». Потым ён рыхтаваў дакументы, звяртаўся з імі ў Міністэрства культуры, дзе яму сказалі: «А чаму б не?» — распавёў Андрэй Кудзіненка. — Вядома, гэтае вельмі важнае рашэнне, бо забарона майго фільма, у якім не было ніякай палітыкі, — чынавенскі абсурд».
У 2004-м «Акупацыю. Містэрыі», якую крытыкі назвалі «першым нацыянальным беларускім фільмам» і «адраджэннем айчыннага кіно», запрасілі ў афіцыйную праграму Ратэрдамскага міжнароднага кінафэсту. Следам за гэтым стужка была паказаная ў паралельнай праграме Маскоўскага міжнароднага кінафэсту і паступіла ў кінапракат расейскай сталіцы. У Беларусі ж наватарскі фільм быў забаронены да паказу Упраўленнем рэгістрацыі і класіфікацыі кіна- і відэапрадукцыі пры Міністэрстве культуры.
Застаўшыся без працы ў Беларусі, Кудзіненка з'ехаў у Расею, дзе спачатку папрацаваў у камандзе Паўла Лунгіна, а потым зняў стужку «Розыгрыш», якая заваявала касавы поспех. У мінулым годзе Кудзіненка атрымаў прапанову ад «Беларусьфільма» здымаць першы беларускі фільм жахаў «Масакра» — пра Беларусь пасля задушэння нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага.
Андрэй Кудзіненка прызнаецца, што яго стаўленне да «Акупацыі» за пяць гадоў не змянілася. «У той час у кіно толькі пачыналася тэндэнцыя лакіравання. У Расеі сталі неміласэрна выкарыстоўваць ваенную тэматыку. «Зорка», «У жніўні 1944-га» Пташука (дарэчы, гэты фільм быў лепшым у шэрагу)… Кіно стала больш жанравым, аднак праўдзівасці, шчырасці ў ім не было. І цяпер няма, хаця ў той жа Расеі здымаецца безліч фільмаў і серыялаў пра вайну, — дзеліцца рэжысёр. — І мы са сцэнарыстам Аляксандрам Качаном, адчуўшы, што адбываецца нешта не тое, вырашылі выказацца. Наогул, мае погляды ў дачыненні да гэтага больш набліжаныя да «шасцідзесятнікаў» — Турава, Быкава, Адамовіча, Віктарава, Сцяпнова... І мне хацелася паказаць пра вайну па-свойму — тое, што я чуў ад сваіх бабуляў і дзядуляў».
Беларуская прэм'ера карціны на вялікім экране адбудзецца 15 лютага ў кінатэатры «Піянер» у межах кінаклуба «Формула кіно». Пачатак у 19.00.