Аўтамабіль пратараніў прыпынак каля ўніверсама «Рыга» (Фота)
27- 12.02.2010, 13:02
У выніку аварыі чацвёра пацярпелых, адзін з якіх у цяжкім стане. Як мяркуюць, маладога кіроўцу занесла на павароце.
У Байнэце адразу знайшліся відавочцы гэтай аварыі. Пасажыры тралейбуса, які стаяў у той час на прыпынку, пачулі моцны ўдар.
– Усе вышлі з тралейбуса і ўбачылі машыну, якая заехала ў прыпынак, яна стаяла паміж нашым тралейбусам і разнесеным падстрэшкам прыпынку, – цытуе сведку «Салідарнасць». – Паміж пярэднім бамперам і рэкламным шчытом ляжала жанчына ў ненатуральнай позе, спачатку я ўбачыла толькі ногі, якія тырчалі. Потым сказалі, што яна дыхае. За прыпынкам ляжаў мужчына, ён таксама адляцеў ад прыпынку і казаў, што ў яго нешта з нагой. Яшчэ там былі дзве маладыя дзяўчыны, якія пацярпелі менш. Яны хадзілі нармальна, але адна казала ўрачам з хуткай дапамогі, што ў яе ідзе з галавы кроў. За рулём машыны быў малады хлопец, мусіць, яго занесла на павароце, і ён уляцеў у прыпынак.
Бакавая вітрына ў газетным кіёску была пабітая: у яе патрапіла сметніца.




