Коктыш абураны прэтэнзіяй Замяталіна
7- 12.02.2010, 13:10
Кіраўнік УП «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш не згодны з заявамі Уладзіміра Замяталіна пра «дыскрымінацыю» беларускіх фільмаў.
Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Уладзімір Замяталін сцвярджае, што «Беларусьфільм» сёння можа здымаць па тэхналогіях Галівуда», а расейскія тэлеканалы з рукамі і нагамі адрываюць сабе беларускія фільмы як толькі напісаны сцэнарый. У той жа час, наракае Замяталін, у роднай краіне «беларускія фільмы маюць невялікі адсотак магчымасці патрапіць на экран». Па яго словах, кінапракатчыкі «не могуць забяспечыць пракат беларускага кіно», «заганяючы дзяцей у кінатэатры і паказваючы фільмы з 12-00 да 16-00, а не ў вячэрні час».
- Усе беларускія прэм'еры праходзяць у найлепшых кінатэатрах горада! Глядач сам выбірае, што яму глядзець, - не згаджаецца з ім кіраўнік УП «Кінавідэапракат» Васіль Коктыш у інтэрв'ю газеце «Салідарнасць». - Мы паказваем беларускае кіно ў Менску, у тым ліку і на вячэрніх сеансах! Усе прэм'еры праходзяць у найлепшых кінатэатрах горада. За ўсе кінатэатры краіны я адказваць не магу, але ў Менску праблем з паказам беларускага кіно няма!
На пытанне, ці карыстаюцца беларускія фільмы поспехам у «родных» гледачоў, суразмоўца адказаў, што адныя кінастужкі карыстаюцца шалёным поспехам, а іншыя не. І патлумачыў чаму:
- Нават галівудскія фільмы з бюджэтам у 200 мільёнаў даляраў правальваюцца ў пракаце, а іншыя - з бюджэтам у 50 тысяч - становяцца папулярнымі. Глядач сам выбірае, што яму глядзець. Ні адзін прадзюсер або аўтар фільма не можа быць загадзя ўпэўнены ў поспеху. Бо кіно здымаецца па адных і тых жа лекалах. З двух фільмаў з аднолькавым сюжэтам і ідэнтычнымі героямі адзін становіцца паспяховым, а другі правальваецца. Кіно - гэта заўсёды рызыка.
Увогуле кіраўнік менскага кінапракату адносна беларускага кіно настроены аптымістычна.
- Цудоўна, што беларускае кіно ёсць! - падсумаваў Коктыш. - Не кожная краіна можа дазволіць сабе мець нацыянальнае кіно. У нас яно ёсць, і мы павінны гэтым ганарыцца. Што тычыцца таго, паспяховыя яны ці не, то можна зноў узгадаць пра Галівуд. З 800 фільмаў, якія там вырабляюцца за год, толькі пяць адсоткаў становяцца па-сапраўднаму запатрабаваныя гледачом. Гэта сусветная статыстыка і нічога новага прыдумляць не трэба. А беларускіх фільмаў выходзіць не так шмат, таму і ў яблык трапляе менш.