24 красавiка 2024, Серада, 0:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэпарцёры без межаў»: Улады Беларусі становяцца «ворагамі інтэрнэту»

12
«Рэпарцёры без межаў»: Улады Беларусі становяцца «ворагамі інтэрнэту»

Як бы Лукашэнка не назваў свой указ, ён зробіць кантроль над інтэрнэтам больш жорсткім, лічыць арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Люсі Марыён, якая кіруе ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» аддзелам па пытаннях свабоды слова ў інтэрнэце, заявіла:

«Як бы Лукашэнка не назваў свой гэты ўказ, ён не прызначаны для таго, каб павялічыць свабоду інтэрнэту ў краіне. Ён насамрэч робіць кантроль над інтэрнэтам больш жорсткім. Ва ўказе ёсць пункты, у якіх гаворыцца пра тое, што пастаўшчыкі інтэрнет-паслуг павінны блакаваць доступ да сайтаў, якія ўрад лічыць экстрэмісцкімі, і што гэтыя пастаўшчыкі павінны захоўваць інфармацыю аб карыстанні іхнімі паслугамі на працягу пяці гадоў. Гэта насамрэч захады для таго, каб узмацніць сачэнне за грамадзянамі і за тым, што яны робяць і што чытаюць у сеціве. Гэта не толькі спосаб адсочваць дысідэнтаў і людзей, якія крытыкуюць урад, але таксама спроба запалохаць людзей, якія шукаюць у сеціве інфармацыю, якой не хапае ў традыцыйных СМІ. Гэты ўказ павінен ў выніку прывесці да самацэнзуры, што можа вельмі сур'ёзна паўплываць на свабоду выказвання ў краіне ў будучыні», - упэўнена эксперт.

Пра беларускі ўклад у міжнародную практыку кантролю над інтэрнэтам Люсі Марыён сказала наступнае:

«Такія метады выкарыстоўваюць і іншыя краіны. Калі паглядзець на спіс «ворагаў інтэрнэту», складзены арганізатарамі «Рэпарцёры без межаў», там можна знайсці такія краіны як Кітай, Бірма, В'етнам, Саудаўская Аравія, якія выкарыстоўваюць жорсткае фільтраванне інтэрнэту і сочаць за тым, што іх грамадзяне робяць он-лайн. Гэта крок, які ўзмацняе жорсткасць цэнзуры ў інтэрнэце ў Беларусі, адназначна залічвае краіну да ўзгаданага клубу «ворагаў інтэрнэту». Гэта нельга назваць нечаканым. Лукашэнка раней заяўляў, што палітыка адносна інтэрнэту будзе абапірацца на кітайскую мадэль. І менавіта так ён і паступае», - заявіла праваабаронца.

Нагадаем, што скандальны ўказ «Аб нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт» падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам і ўступіць у сілу 1 ліпеня. Праект дадзенага ўказу з'явіўся ў інтэрнэце ў снежні мінулага года. Тэкст законапраекта выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку АБСЕ. Незалежныя эксперты не сумняваюцца, што ўказ Лукашэнкі накіраваны, у першую чаргу, на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення выбараў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках