Мясцовыя ўлады: «Мы самі вырашаем, каго прапускаць, а каго не»
3- 22.02.2010, 11:23
Прадстаўніка партыі «Справядлівы свет» у Рагачове (Гомельская вобласць) Мікалая Мельнікава мясцовыя ўлады вымусілі адмовіцца ад удзелу ў выбарах.
Партыйцу пагражалі звальненнем з працы. Мікалай Мельнікаў працуе працоўным у музычнай школе. Заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ён падаваў у камісію па Вакзальнай выбарчай акрузе №10 г. Рагачова.
У дакументах пазначыў, што з'яўляецца прадстаўніком беларускай партыі аб'яднаных левых «Справядлівы свет». І ўжо праз некалькі гадзінаў яго выклікалі на прафілактычную гутарку да начальніка аддзела культуры Міхаіла Зайцава.
Прадстаўнік культуры без намёкаў заявіў Мікалаю Фёдаравічу, калі хочаш працаваць, дык забірай заяву і працягвай спакойна працаваць далей. На гэта партыец заўважыў, што сам Лукашэнка кажа пра тое, каб у выбарах удзельнічалі прадстаўнікі партыяў. У адказ Міхаіл Зайцаў сказаў: «Гэта прэзідэнт, а гэта мясцовыя ўлады. Яны рэгулююць, каго прапускаць, а каго не».
Дарэчы, прэсінг на Мікалая Мельнікава Рагачоўскія ўлады аказвалі і на мінулых мясцовых выбарах. «Але тады хаця б далі зарэгістраваць ініцыятыўную групу, якая сабрала подпісы. І толькі на ўзроўні рэгістрацыі кандыдата пачаўся ціск», - распавёў «Беларускаму партызану» апазіцыянер.