1 траўня 2024, Серада, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За абарону правоў працоўных апазіцыянера паставілі «на ўлік» у КДБ

10

Пасля выступаў у незалежных СМІ актывіста Свабоднага прафсаюзу Мікалая Расюка звальняюць з працы і правяраюць спецслужбы.

Адміністрацыя магілёўскага будаўнічага трэсту № 17 заявіла, што не будзе падаўжаць працоўны кантракт з работнікам прадпрыемства, актывістам Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалаем Расюком.

Адначасова, як паведамляе «Радыё Свабода», КДБ паставіла яго «на ўлік». Актывіст лічыць, што прычыны непадаўжэння кантракту і пераследу — палітычныя.

У трэсце Мікалай Расюк адпрацаваў сем гадоў электрыкам. Летась у траўні, калі ён аспрэчваў рашэнне аб пераводзе яго з Магілёва на аб’ект у Чавускі раён, прадстаўнікі адміністрацыі на судзе называлі яго найлепшым спецыялістам будаўнічай управы № 129 трэста.

«Учора мне было ўручана паведамленне аб спыненні са мной кантракту на падставе таго, што ён сканчаецца 5 сакавіка. Ім не патрэбны чалавек, які выносіць смецце з хаты. Наймальніку не падабаецца, што парушэнні правоў чалавека, працоўных агучваюцца ў сродках масавай інфармацыі», — зазначае Мікалай Расюк.

Мікалаю Расюку засталося пяць з паловай гадоў да пенсіі. Ён удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У аддзеле кадраў прадпрыемства пацвердзілі, што падаўжаць з Расюком працоўных адносінаў не збіраюцца. Назваць жа прычыну адмовіліся. «Я вам нічога тлумачыць не збіраюся. І прыпынім на гэтым нашую размову», — заявіла супрацоўніца аддзела.

Абвастрэнне канфлікту Мікалая Расюка з кіраўніцтвам адбылося ў лістападзе 2008 года. 28 лістапада брыгада, у якой ён тады працаваў, адмовілася выходзіць з абеду на працу, патрабуючы выплаціць затрыманы заробак. Кіраўніцтва трэста ў арганізацыі страйку абвінаваціла Мікалая Расюка. Праз месяц яго перавялі з Магілёва на аб’ект у Чавускі раён на будоўлю фермы. Спробы абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе не далі плёну. Пасля страйку заробак працоўным усё ж выплацілі.

Непадаўжэнне кантракту — не адзіная ўчорашняя непрыемнасць для Мікалая Расюка. Паводле яго словаў, учора ў кабінеце галоўнага інжынэра трэста яго дапыталі трое супрацоўнікаў камітэту дзяржбяспекі. На гутарку Расюка запрасілі з аддзелу кадраў, нібыта пагаварыць пра падаўжэнне кантракту

«Пасведчанне мне паказаў толькі адзін — гэта старшы лейтэнант Махуноў Андрэй Алегавіч. Ён сказаў, што трэба пагутарыць пра мае неправамоцныя паводзіны. Яны паказалі раздрукоўкі інтэрв’ю з «Радыё Свобода» і іншых незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Мне выдалі паперу пра пастаноўку мяне на ўлік менавіта ў КДБ», -- распавёў Расюк.

На дзеянні супрацоўнікаў КДБ Мікалай Расюк збіраецца скардзіцца ў пракуратуру. Сам Расюк збіраецца змагацца за дэпутацтва ў Магілёўскім гарсавеце па той жа акрузе, што і генеральны дырэктар будаўнічага трэста № 17. Дагэтуль усе ягоныя спробы стаць дэпутатам былі няўдалымі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках