Арыштаванаму журналісту перадалі ў турму цёплыя рэчы і кнігі
3- 5.02.2010, 17:48
5 лютага сваякі арыштаванага журналіста тэлеканала «Белсат» падрыхтавалі яму першую перадачу, з якой, аднак, дайшло далёка не ўсе.
Пакунак з вопраткай, кнігамі, цыгарэтамі, быў сабраны сваякамі і калегамі арыштаванага журналіста тэлеканала «Белсат». Рэчы ў турму на вуліцы Акрэсціна перадалі 5 лютага бацька журналіста Павал Шульга і супрацоўнікі менскага офіса ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Як паведамляе baj.by, у ізалятары заявілі, што прадукты харчавання для зняволеных зараз не прымаюць.
Бацька Івана Шульгі папрасіў перадаць шчырую падзяку за падтрымку ўсім праваабаронцам і журналістам, якія бралі ўдзел у пошуках яго сына пасля затрымання, дзяжурылі ў судзе 4 лютага і працягваюць сачыць за яго лёсам.
Нагадаем, што 3 лютага супрацоўнікі міліцыі ў цывільным двойчы спрабавалі ўварвацца ў кватэру, у якой размяшчаецца офіс «Белсата» ў Менску. Пасля адмовы журналістаў адкрыць дзверы, у офісе адключылі святло. Супрацоўнікі міліцыі спынілі спробы пранікнуць у памяшканне толькі пасля таго, як да офісу прыбылі журналісты іншых СМІ і фотакарэспандэнты.
Падчас міліцэйскай аблавы быў затрыманы журналіст «Белсата» Іван Шульга. Ноч незалежнага журналіста пратрымалі ў турме на вуліцы Акрэсціна. 4 лютага суд Савецкага раёна Менска прысудзіў Івана Шульгу да дзесяці сутак арышту, абвінаваціўшы яго паводле артыкула 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі (дробнае хуліганства).
Іван Шульга павінен выйсці на свабоду 13 лютага.