Арыштаванага апазіцыянера пазбавілі права ісці ў дэпутаты
1- 16.03.2010, 11:06
Актывіст партыі БХД знаходзіцца ў турме і не можа сам здаць дакументы на рэгістрацыю.
Жодзінская гарадская выбарчая камісія адмовілася прыняць у сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Паўла Севярынца дакументы на рэгістрацыю Андруся Кашэўскага кандыдатам у дэпутаты Жодзінскага гарсавета і Менскага аблсавета, паведамляе БелаПАН.
За Кашэўскага, які з 3 сакавіка адбывае 15 сутак арышту, было сабрана больш за 300 подпісаў, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы аргкамітэта. Усе неабходныя дакументы былі падрыхтаваныя, і як сябра ініцыятыўнай групы Севярынец вырашыў падаць дакументы за Кашэўскага.
Аднак сакратар выбарчай камісіі Аксана Грышкевіч адмовілася прыняць дакументы ў Севярынца, спаслаўшыся на «дзейснае заканадаўства».
Севярынец напісаў заяву на імя старшыні Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі Уладзіміра Еўтаховіча, у якім патрабаваў вынесці па справе Кашэўскага асобнае пісьмовае рашэнне і паведаміць пра яго.
Андрусь Кашэўскі быў затрыманы ўвечары 3 сакавіка ў Менскам метрапалітэне. Яго даставілі ў суд Ленінскага раёна, дзе прысудзілі да 15 суткаў адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства. У сувязі з гэтым апазіцыянер, які адбывае адміністрацыйны арышт, абвесціў галадоўку.