19 траўня 2024, Нядзеля, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЦВК пададзена заяўка на правядзенне «аўтамабільнага рэферэндуму»

29

14 сакавіка ў Цэнтрвыбаркам перададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць павелічэння мытных пошлін на аўтамабілі.

Ініцыятарам рэферэндуму выступіла Партыя БНФ. Як паведаміў яе лідэр Аляксей Янукевіч, у склад ініцыятыўнай групы ўвайшлі 122 чалавекі з усіх абласцей краіны і Менска. На рэферэндум выносіцца пытанне: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру мытных пошлін на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?», перадае БелаПАН.

На працягу месяца Цэнтрвыбаркам павінен правераць законнасць стварэння ініцыятыўнай групы і прыняць рашэнне адносна яе рэгістрацыі. Рашэнне ЦВК будзе выносіць з улікам заключэння Міністэрства юстыцыі аб тым, ці можа гэтае пытанне разглядацца на рэспубліканскім рэферэндуме.

У выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы рэферэндум можа прайсці ў чэрвені 2010 года.

Ініцыятыва правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні павышэння мытнай пошліны на аўтамабілі была выстаўлена Партыяй БНФ у снежні 2009 года.

У кіраўніцтве партыі лічаць, што пагадненне аб стварэнні Мытнага саюза, падпісанае 27 лістапада 2009 года ў Мінску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расеі, «ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх уваходжанне ў сілу падпісаных дакументаў пацягне пагаршэнне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным павышэннем мытных тарыфаў і, адпаведна, цэн на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасці на легкавыя аўтамабілі».

Пакуль павышэнне пошлін закранула юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў. З новага года пошліны даведзены да ўзроўню расійскіх, на некаторыя імпартныя аўтамабілі яны павялічыліся ў 10 разоў.

Для фізічных асоб у межах Мытнага саюза новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пакуль не вызначаны. Чакаецца, што пошліны на ўвоз транспартных сродкаў фізасобамі павысяцца 1 ліпеня 2010 года, калі павінен набыць моц Мытны кодэкс і запрацаваць у поўным аб`ёме Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расеі.

Раней Янукевіч заявіў, што ініцыятыўная група зможа сабраць больш за мільён подпісаў грамадзян у падтрымку рэферэндуму, а не толькі неабходныя паводле закону 450 тыс.

На яго думку, адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы будзе сведчыць пра нежаданне ўладаў абараняць інтарэсы насельніцтва.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках