Спецназ ГУР зладзіў засаду на дне Кахоўскага вадасховішча
- 19.11.2026, 13:18
Акупантаў ліквідавалі ў блізкім баі.
Спецназаўцы батальёна «Братства» ў складзе «Спецпадраздзялення Цімура» Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны зладзілі засаду на падраздзяленне арміі РФ на дне Кахоўскага вадасховішча.
Разведцы ўдалося высветліць, што маршрут праз указаную лакацыю выкарыстоўваюць для пранікнення ў населеныя пункты ў ваколіцах Запарожжа.
На мясцовасці ўдалося выявіць рэчы, пакінутыя расійскімі вайскоўцамі; там разведчыкі і зладзілі засаду.
Як бачна на відэа, апублікаваным на старонцы ГУР у Facebook (18+), засаду батальён спецназа зладзіў у вярбова-таполевым лесе, што вырас на дне Кахоўскага вадасховішча пасля яго затаплення ў чэрвені 2023 года.
На запісе відаць, як акупанты рухаюцца па тэрыторыі. «Пайшлі па лесе, не відаць», — перагаворваюцца захопнікі, пакуль украінскія абаронцы падпільноўваюць іх у некалькіх метрах.
У наступным кадры расійскія вайскоўцы набліжаюцца да ўкраінскіх разведчыкаў, і пачынаецца перастрэлка, падчас якой вораг не адрэагаваў на заклікі здавацца і быў ліквідаваны. У выніку дагляду некалькіх «двухсотых» у іх былі канфіскаваныя сродкі сувязі.