Лекары назвалі галоўную прыкмету моцнага здароўя
2- 19.11.2026, 13:16
- 1,306
Гэта трэба разглядаць як сістэмны паказчык.
Навукоўцы з Універсітэта Канэктыкута (ЗША) высветлілі, што здароўе зубоў і дзяснаў наўпрост адлюстроўвае агульны стан чалавечага арганізму. Калі чалавеку рэдка патрабуецца стаматалагічнае ўмяшанне, гэта сведчыць пра моцны імунітэт і збалансаваную працу ўнутраных органаў, піша «Курсор».
Паводле слоў даследчыкаў, здароўе паражніны рота трэба разглядаць як сістэмны паказчык. Так, хранічныя запаленні дзяснаў (напрыклад, гінгівіт і парадантыт) часта суправаджаюцца павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў, дыябету другога тыпу, інсульту і нават кагнітыўных парушэнняў.
Чаму праблемы з зубамі ўплываюць на іншыя органы
Калі ў паражніне рота ёсць агмені запалення, асабліва пры разбурэнні зубоў або пры дзясневых кішэнях, бактэрыі атрымліваюць прамы шлях у крывяносную сістэму. Гэта можа выклікаць сістэмнае запаленне, якое, у сваю чаргу, уплывае на сасудзістую сістэму і абмен рэчываў. Напрыклад, у людзей з цяжкім парадантытам часцей выяўляецца атэрасклероз, а ў хворых на дыябет стан дзяснаў і зубоў звычайна горшы праз дрэнны кантроль узроўню цукру ў крыві.
Парадокс гігіены: калі чыстка можа нашкодзіць
Навукоўцы адзначаюць, што нават рэгулярная чыстка зубоў можа быць небяспечнай, калі ў паражніне рота ўжо маюцца пашкоджанні: мікратрэшчыны, карыес, запаленні. Такія дзеянні могуць узмацняць пранікненне бактэрый у крывяносную сістэму і правакаваць развіццё інфекцыйных ускладненняў у іншых органах — ад суставаў да сэрца.
Што рабіць для прафілактыкі
Прафілактычныя агляды — не радзей двух разоў на год.
Умацаванне эмалі — з дапамогай паст з фтарам і правільнага харчавання (прадукты, багатыя кальцыем і вітамінамі D і K2).
Кантроль цукру ў рацыёне — лішак салодкага стварае ідэальныя ўмовы для размнажэння шкодных бактэрый.
Адмова ад курэння і алкаголю — абодва фактары значна павышаюць рызыку захворванняў дзяснаў і паражніны рота.
Сувязь з хранічнымі хваробамі — пры наяўнасці дыябету, гіпертаніі або аўтаімунных парушэнняў абавязкова трэба надаваць павышаную ўвагу здароўю зубоў.
Лекары падкрэсліваюць: прыгожая ўсмешка — гэта не толькі пытанне эстэтыкі, але і люстэрка стану ўсяго арганізма. Рэгулярны догляд за паражнінай рота здольны падоўжыць актыўнае і здаровае жыццё.