Андрэй Бандарэнка сустрэў дзень нараджэння ў камэры Валадаркі
1- 15.04.2010, 9:40
14 красавіка родныя і калегі Андрэя Бандарэнкі прыйшлі да следчага ізалятара № 1 у Менску па вуліцы Валадарскага, каб павіншаваць яго з днём нараджэння.
Сярод іх былі сёстры Ірына і Алена, лідэры Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі, Валянціна Палевікова і іншыя. У гэты дзень бацьку Андрэя Валерыю Рыгоравічу далі дазвол на спатканне з сынам.
«Андрэй трымаецца добра, - паведаміў сайту ucpb.org Бандарэнка-старэйшы. Няма ні ценю тугі ці дэпрэсіі, а значыць, ён не зламаны і не растаптаны. Андрэй шчыра верыць, што справядлівасць будзе адноўленая. Наконт умоваў утрымання, па словах Андрэя «яны ў апошні час палепшыліся. У камеры стала менш зняволеных, памяшканне праветрываюць».
Аляксандр Дабравольскі зазначыў, што «у Андрэя ёсць сіла волі і вера ў перамены да лепшага. Гэта яго падтрымлівае і гэта яму дапамагае». Учора ж па пошце Андрэю Бандарэнку былі накіраваныя дзесяткі лістоў і паштовак з віншаваннямі.
Андрэй Бандарэнка асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў крадзяжы 180 мільёнаў рублёў з дапамогай махлярства.
Нягледзячы на тое, што адвакат Бандарэнкі Зміцер Лаеўскі падчас судовых спрэчак запэўніваў, што віна яго падабароннага ў крадзяжы 180 мільёнаў рублёў праз махлярства ніяк не даказаная, дзяржаўны абвінаваўца прасіў 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Да 7 гадоў зняволення прадпрымальніка суд ужо прысуджаў. Але ў мінулым годзе ў снежні Менскі гарадзкі суд адмяніў прысуд і адправіў справу на новы разгляд.
Раней прадпрымальнік заяўляў, што не прызнае сваёй віны і тлумачыў пераслед помстай за ўдзел у парламенцкіх выбарах 2008 года ў якасці прадстаўніка Аб'яднанай грамадзянскай партыі.