У інтэрнатах чакаюць указання «зверху»
9- 19.04.2010, 10:51
Перад кожнымі «выбарамі» тых, хто жыве ў бабруйскіх інтэрнатах, выклікае начальства і загадвае, за каго галасаваць.
У бабруйскім раёне «Даманскі» амаль усе інтэрнаты адносяцца да ААТ «Белшына». Гэты раён уваходзіць у акругу, па якой балатуецца ў абласны Савет дэпутатаў сябра БХД Вячаслаў Шэлег. Падчас сустрэчаў з жыхарамі інтэрнатаў ён даведаўся, як і за каго звычайна галасуюць гэтыя выбаршчыкі.
- Жыхары інтэрнатаў ставяцца да выбараў зусім абыякава. Звычайна іх выклікае начальства інтэрната, паведамляе, за каго галасаваць, - і яны так і робяць. Людзі кажуць пра гэта як пра звычайную справу, да якой яны прызвычаіліся. Таму ў іх няма жадання знаёміцца з нейкімі кандыдатамі ў дэпутаты. Ім усё скажуць, а яны выканаюць, - распавядае Вячаслаў Шэлег сайту кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Таксама Вячаслаў Шэлег адзначае нежаданне бабруйчукоў удзельнічаць у выбарах.
- У дзяржаўных газетах зараз пішуць, што яўка будзе 80 адсоткаў. Нягледзячы на адменены парог яўкі, яны гэта дэкларуюць, а навошта? Гэта гучыць як загад чальцам камісіяў, каб яны забяспечвалі патрэбныя лічбы. Я, зыходзячы з перадвыбачай працы, дакладна ведаю, што галасаваць прыйдзе зусім мала людзей. Бо бабруйчукі ўвесь час кажуць пра тое, што ім гэтыя выбары не патрэбныя. І калі ў выніку прагучыць лічба «80 адсоткаў яўкі», можна сцвярджаць дакладна, што былі фальсіфікацыі, - лічыць Вячаслаў Шэлег.