20 красавiка 2024, Субота, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Марплз: «Лукашэнка вычэрпвае магчымасці»

13

Вядомы канадскі палітолаг Дэвід Марплз лічыць, што беларускі дыктатар няўхільна губляе свабоду манэўру ў стасунках з Расеяй.

У сваім новым артыкуле на беларускую тэматыку, надрукаваным на сайце Eurasia Daily Monitor, Марплз разглядае і аналізуе апошнія падзеі, звязаныя з візітам прэм'ер-міністра Расеі Уладзіміра Пуціна ў Берасце і адначасовую вандроўку Аляксандра Лукашэнкі ў Венесуэлу, паведамляе «Радыё Свабода».

Марплз нагадвае, што Лукашэнку трэба заручыцца падтрымкай Крамля, каб пераабрацца на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін. Цаной такой падтрымкі, на думку Марплза, можа быць згода на прыняцце сумеснай з Расеяй валюты і на ўступленне ў мытны саюз з Расеяй і Казахстанам на расейскіх умовах.

Марплз падзяляе сумненні многіх расейскіх і беларускіх аглядальнікаў, якія бачаць у дамове аб пастаўках венесуэльскай нафты ў Беларусь, перш за ўсё, элемент ціску на Расею, каб тая і ў далейшым пастаўляла бяспошлінную нафту, а не эканамічнае пагадненне, якое на самой справе зменшыць энергетычную залежнасць Менска ад Масквы.

Марплз узгадвае таксама, што адразу пасля венесуэльскага нафтавага пагаднення Пуцін прапанаваў зняць экспартную пошліну на расейскую нафту для Беларусі, але пры ўмове, што Беларусь створыць з Расеяй адзіную эканамічную прастору. Па словах Марплза, за бяспошлінную нафту Беларусь яшчэ павінна расплаціцца прызнаннем незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

На думку канадскага эксперта, эканамічная сітуацыя не працуе на карысць Беларусі. Беларусь, каб захаваць фінансавую стабільнасць, вымушаная ўвесь час браць крэдыты. Да таго ж, кошт беларускага рубля пастаянна падае, падвышаючы для краіны кошты набыцця рэсурсаў за мяжой.

Лукашэнка, як лічыць Марплз, таксама пагоршыў сваю міжнародную пазіцыю, сапсаваўшы стасункі з Брусэлем і Вашынгтонам апошнімі пераследамі актывістаў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі.

«Беларускі кіраўнік вымушаны шукаць новых сяброў у Лацінскай Амерыцы і Кітаі, але ў далейшай перспектыве па-ранейшаму стрыжнявмі застануцца стасункі з Расеяй. Пуцін, нават калі і разгубіўся з-за апошніх подзвігаў Лукашэнкі, можа дазволіць сабе пацярпець. Яго былы саюзнік паціху вычэрпвае магчымасці пазбягаць зацягвання ў расейскі эканамічны загон» - робіць выснову канадскі эксперт Дэвід Марплз.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках