Скандал у Вярхоўнай Радзе: Пагадненне аб Чарнаморскім флоце ратыфікавалі з бойкай (Фота)
56- 27.04.2010, 13:14
Абмеркаванне ў Вярхоўнай Радзе ратыфікацыі дамоўленасцяў з Расеяй па газе і флоту вылілася ў беспарадкі, як і абяцала ўкраінская апазіцыя.
Згодна плянам абодвух бакоў, якія падпісалі пагадненне паміж Расеяй і Ўкраінай аб флоце і газе, ратыфікацыя адбылася ў адзін дзень: і ў Дзярждуме РФ, і ў Вярхоўнай Радзе Украіны.
У Радзе хутчэй ратыфікавалі пагадненне аб падаўжэнні знаходжання Чарнаморскага флоту ў Крыму да 2042 года, перадае NEWSru.com. Нягледзячы на 211 зарэгістраваных у зале дэпутатаў, «за» ратыфікацыю прагаласавалі 236 дэпутатаў ад кааліцыі. Экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, які прыбыў у Раду, ужо назваў тое, што адбылося «ваеннай узурпацыяй краіны». У той жа час цяперашні прэзідэнт краіны раніцай паляцеў у Страсбург. У Францыі Віктар Януковіч возьме ўдзел у сесіі ПАСЕ.
Апазіцыя, абвінавачваючы ўлады ў парушэнні Канстытуцыі і фальсіфікацыі галасавання зладзіла беспарадкі як перад будынкам Рады, так і ўнутры сесійнай залы, спрабуючы перашкодзіць прыняццю рашэння Радай. Больш за 10 тысяч чалавек выйшлі сёння на мітынг ля будынка парламента Ўкраіны ў Кіеве.
У мітынгу прымаюць удзел розныя палітычныя сілы, прадстаўлены ўвесь спектр ўкраінскай палітыкі. Да фасаднай часткі Вярхоўнай Рады мітынгоўцаў не пускаюць.
Унутры будынка парламента таксама ўсё неспакойна. Спікера Уладзіміра Літвіна, калі ён спрабаваў прайсці на трыбуну, пачалі закідваць яйкамі. Старшыня ВР вымушаны быў пачаць пленарнае пасяджэнне пад прыкрыццём парасонікаў, якія трымалі яго ахоўнікі. Зрэшты, адно з яек ўсё ж такі трапіла яму ў вока, паведамляе NEWSru.ua.
А як толькі Літвін абвясціў аб адкрыцці паседжання, у сесійнай зале пачалася бойка. Як паведамляе УНІАН, у прыватнасці, удзел у бойках прымалі Іван Стойка, Уладзімір Вязіўскі, Станіслаў Аржэвіцын (усе трое ад НУ-НС), а таксама народныя дэпутаты ад Партыі рэгіёнаў Алег Цароў і Уладзіслаў Лук'янаў.
Усяго ў зале зарэгістраваліся 211 народных дэпутатаў. Частка з іх адразу ж блякавала трыбуну.
Як паведамляе сайт украінскай газеты «Сегодня», гнёзда для картак для галасавання на працоўных месцах дэпутатаў былі забітыя фальшывымі карткамі і залітыя клеем, а ўсё гэта зверху накрытае нацыянальнымі сцягамі. Аднак народныя дэпутаты ад Партыі рэгіёнаў здолелі прарвацца ў першыя тры шэрагі працоўных месцаў фракцыі «Наша Украіна - Народная самаабарона» і знялі ўкраінскі сцяг, якім былі накрытыя гэтыя шэрагі.
Затым у зале пасяджэнняў выбухнула дымавая шашка. Залу парламента зацягнула дымам, шэраг дэпутатаў пакінулі залу, заціскаючы насы хусткамі. Але спікер Уладзімір Літвін працягнуў весці пасяджэнне, перадае РИА «Новости». Ён даў слова дэпутату з Партыі рэгіёнаў Вадзіму Колеснічэнку, які выйшаў на трыбуну з георгіеўскай стужачкай і зачытаў рашэнне Севастопальскага гарсавету ў падтрымку ратыфікацыі пагаднення. Апазіцыянеры спрабавалі крыкамі заглушыць яго выступ.
У Дзярждуме усё прайшло спакойна, нягледзячы на пратэст Жырыноўскага
У Дзярждуме РФ, у адрозненні ад Вярхоўнай Рады, ратыфікацыя прайшла спакойна, хоць некаторыя лідэры фракцый заявілі, што галасаваць за яе не будуць. Так, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што яго фракцыя не падтрымае ратыфікацыю расейска-ўкраінскага пагаднення аб знаходжанні Чарнаморскага флоту РФ у Севастопалі да 2042 года. «Мы не будзем галасаваць за ратыфікацыю, паколькі ў ЛДПР няма ўпэўненасці, што гэты дагавор будзе выконвацца ўкраінскім бокам», - заявіў Жырыноўскі на дадатковым пасяджэнні Дзярждумы ў аўторак.
Зрэшты, гэта не перашкодзіла дэпутатам РФ прагаласаваць за сцвярджэнне пагаднення. «За» прагаласавалі 410 дэпутатаў.
21 красавіка прэзідэнты Расіі і Украіны Дзмітрый Мядзведзеў і Віктар Януковіч дамовіліся прадоўжыць тэрмін знаходжання расейскай базы ў Крыме на 25 гадоў пачынаючы з 2017 года, калі заканчваецца дзеянне гэтага Пагаднення, з правам яго падаўжэння яшчэ на пяць гадоў. Лідэры дзвюх краін таксама дамовіліся аб атрыманні Кіевам зніжкі на расейскі газ - у 30% ад кошту, але не больш за 100 даляраў на тысячу кубаметраў. Ільгота будзе ўлічвацца як частка арэнднай платы РФ за базаванне ЧФ.
Юшчанка: Тое, што адбылося - «ваенная узурпацыя краіны»
Юшчанка асудзіў ратыфікацыю пагаднення аб знаходжанні ЧФ Расеі ў Крыме, апазіцыя рыхтуецца процідзейнічаць рашэнню парламента, экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка лічыць ратыфікацыю парламентам дамовы аб пралангацыі знаходжання Чарнаморскага флоту РФ у Крыме «ваеннай узурпацыяй краіны».
«Тое, што адбылося сёння ў парламенце Ўкраіны, з'яўляецца ваеннай узурпацыяй. Я ўпэўнены, што кропка на гэтым не будзе пастаўленая», - сказаў сёння Юшчанка журналістам. На яго думку, сённяшняя падзея стане «асновай кансалідацыі грамадства»,- перадае ІТАР-ТАСС.
А лідэр аб'яднанай апазыцыі Юлія Цімашэнка заявіла, што «калі гэта здрадлівыя пагадненне будзе ратыфікавана здрадлівым шляхам, то, вярнуўшыся да ўлады, наша каманда яго дэнансуе».
Украінскія апазіцыйныя сілы сёння правядуць сумеснае пасяджэнне, на якім вызначацца з далейшымі крокамі процідзеяння ўлады па пытанні знаходжання ў краіне расейскага флоту.
Апазіцыя не выключае «сілавога варыянту»
Алег Ляшко, народны дэпутат ад Блока Юліі Цімашэнка, заявіў у панядзелак, што не выключае «сілавога варыянту» развіцця падзей.
«Я не выключаю ніякіх варыянтаў, у тым ліку і сілавога варыянту развіцця падзей, таму што вы ж бачыце, што яны рашуча настроены здаць нацыянальныя інтарэсы Украіны, а мы рашуча настроеныя абараніць гэтыя інтарэсы», - заявіў Ляшко. «Таму, калі трэба будзе, як кажуць, прабачце, прымяніць сілу, калі слоў не разумеюць, то прыйдзецца», - падкрэсліў дэпутат.
Па ўсёй бачнасці, дэпутат меў на ўвазе прымяненне грубай сілы ў парламенце, пры гэтым ён удакладніў, што апазіцыянеры першымі ўвязвацца ў бой не будуць: «Спецыялісты па бойка ёсць у Партыі рэгіёнаў, але калі да нас будуць прымяняць фізічную сілу, то зразумела, што мы будзем адказваць».
Ля парламента адбылося сутыкненне паміж міліцыяй і мітынгі
У мітынгах ля будынка Вярхоўнай Рады Украіны ў аўторак прымаюць удзел каля 10 тысяч чалавек. Ад апазіцыйных сілаў, якія выступаюць супраць ратыфікацыі «Харкаўскіх пагадненняў», каля парламента знаходзіцца ад 4 да 6 тысяч чалавек, прыхільнікаў Партыі рэгіёнаў каля 5 тысяч.
Правапарадак непасрэдна каля будынка Вярхоўнай Рады забяспечваюць 1,5 тысячы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго ў Кіеве да аховы правапарадку прыцягнутыя 2300 супрацоўнікаў міліцыі, з іх 900 ваеннаслужачых унутраных войскаў.
Але як паведамляе «Інтэрфакс», сутыкненні паміж мітынгоўцамі і міліцыяй ўсё ж адбыліся пры спробе міліцыі затрымаць аднаго з пратэстуючых. Міліцыянты мелі намер адвесці яго да «аўтазака», які быў размешчаны ў гарадскім парку. Пры ўздыме па лесвіцы парку і адбылася сутычка прыхільнікаў апазіцыі, якіх было да 20 чалавек, з міліцыянтамі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў фізічную сілу не ўжывалі і даставіць затрыманага да машыны не змаглі.
Прыхільнікі апазіцыйных сіл пастаянна спрабуюць прарвацца ў будынак Вярхоўнай Рады з боку Кабінета міністраў Украіны, міліцыя перашкаджае гэтаму і не пускае людзей да будынка.







