Дэмакратычным кандыдатам не друкуюць улёткі
1- 8.04.2010, 10:06
Мазырскае дзяржаўнае паліграфічнае прадпрыемства «Калор» не стала друкаваць перадвыбарчыя ўлёткі актывіста Партыі БНФ Уладзіміра Целепуна.
«Дырэктар прадпрыемства Сяргей Дылюк не патлумачыў мне прычыну адмовы, - сказаў кандыдат у дэпутаты Гомельскага аблсавета Уладзімір Целяпун у інтэрв'ю «Радыё Свабода». - Таму я запатрабаваў пісьмовага адказу. Думаю, што дырэктар узяў на сябе цэнзарскія функцыі - яму, відаць, недаспадобы змест маіх улётак».
Целяпун замовіў 600 плакатаў і 2000 улётак. Лейтматывам яго кампаніі стаў заклік: «Не бойся і не прыніжайся». Ёсць у праграме і такія словы: «Яны смелыя, пакуль мы ляжым тварам ўніз. Як толькі мы ўздымаем галаву, яны нярвуюцца».
Уладзімір Целяпун падаў скаргу ў акруговую камісію з нагоды адмовы «Калора» друкаваць агітацыйныя матэрыялы. Іншыя друкарні ў Мазыры не бяруцца выпускаць ўлёткі кандыдатаў - баяцца за свае ліцэнзіі.