18 красавiка 2024, Чацвер, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэактары для Беларускай АЭС можа пабудаваць Іран?

32
Рэактары для Беларускай АЭС можа пабудаваць Іран?

Верагоднае будаўніцтва АЭС у дыктатарскай Беларусі выклікае непакой ў краінаў-суседзяў.

Літва выступае супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі, тым больш, што яна будзе размешчаная на адлегласці крыху больш за 55 км ад Вільні. Як паведамляе «Польскае радыё», на думку экспертаў, выбар месцазнаходжання БелАЭС (Астравец, Гарадзенская вобласць) не выпадковы, бо менавіта тут сыходзяцца межы Польшчы, Літвы, Калінінградскай вобласці РФ і Беларусі.

Эксперты з Расеі, Украіны і Аўстрыі лічаць, што беларускі бок не ў поўнай меры ацаніў уплыў рэактараў на навакольнае асяроддзе. Суседзяў Беларусі непакоіць і выбар як верагодных праектоўцаў, так і тых, хто зоймецца непасрэднай рэалізацыяй праекта. Сярод патэнцыйных будаўнікоў атамных рэактараў называецца Іран. Гэта, на думку назіральнікаў, яшчэ больш падвышае рызыку і абмяжоўвае давер міжнароднай грамадскасці ў дачыненні да беларускай ініцыятывы.

Як адзначае «Gazeta Wyborcza», паводле міжнароднага права, Беларусь абавязаная абмеркаваць з суседзямі пытанне будаўніцтва АЭС. Аднак, як паказвае практыка, пярэчанні бакоў не прыводзяць да адмовы ад рэалізацыі праекта. Так, Чэхія пабудавала АЭС у Тэмеліне насуперак пазіцыі Аўстрыі.

Эксперты сумняваюцца ў тым, што ў Літвы, якая пратэстуе супраць з'яўлення АЭС у Беларусі, атрымаецца заблакаваць будаўніцтва электрастанцыі. «АЭС - гэта палітычны праект, які падтрымліваецца вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі. Толькі адсутнасць фінансавых сродкаў можа прывесці да таго, што электрастанцыя не будзе пабудаваная», - адзначыў у інтэрв'ю «Gazeta Wyborcza» палітолаг Валер Карбалевіч.

«Польская генеральная дырэкцыя аховы навакольнага асяроддзя працягвае кансультацыі з Беларуссю. Аднак, у Дзяржаўнага агенцтва атамістыкі няма праблемаў з лакалізацыяй будучай АЭС», - адзначыў прадстаўнік агенцтва Станіславаў Латэк.

Нагадаем, што ў Балтыйскім рэгіёне адразу чатыры дзяржавы плануюць пабудаваць свае атамныя электрастанцыі - Расея, Беларусь, Літва і Польшча. У Вільні лічаць, што калі беларуская АЭС будзе пабудаваная, дык у выпадку аварыі на ёй тэрыторыя Літвы будзе забруджаная на 80%, а Вільня будзе знішчаная. Збудаванне БелАЭС было названае на грамадскіх слуханнях у Літве «генацыдам літоўскага народа».

Напачатку красавіка Менск заявіў пра намер дапусціць да будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі французскую кампанію AREVA. Эксперты ИА «Регнум» адзначаюць, што ў апошні час гэтая кампанія адзначылася правалам шэрагу падобных праектаў у Еўропе, а ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах яна нават не была дапушчаная да тэндэру на будаўніцтва 20 ядзерных блокаў.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках