19 красавiка 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бензін у Беларусі стаў самым дарагім у СНД

28

Сабекошт бензіну АД-92 складае 1150 рублёў, астатнія 1720 рублёў папаўняюць бюджэт, кажуць эксперты.

Як падлічыла «Еўрарадыё», пасля падвышэння коштаў на бензін у Беларусі ён стаў самым дарагім сярод 12 краінаў СНД. Яшчэ ў красавіку мы былі на чацвёртым месцы пасля Малдовы, Украіны і Арменіі, але зараз мы абагналі і гэтыя краіны.

Чарговы рост коштаў на бензін «Белнафтахім» тлумачыць сусветным падаражэннем нафты. Па словах прэс-сакратара канцэрна Марыны Касцючэнкі, кошт бяспошліннай расейскай нафты для Беларусі ў перыяд з лютага па красавік вырас на 29,9%:

«Сусветныя катыроўкі павялічыліся. 27,9% — гэта вельмі сур'ёзная лічба. А кошт расейскай нафты ўсталёўваецца па формуле, якая ўлічвае сусветныя катыроўкі. Мы ж кошты павялічылі толькі на 6-8% у залежнасці ад віду нафтапрадуктаў. Гэта значыць нават павелічэнне коштаў не пакрывае выдаткаў беларускіх прадпрыемстваў, якія павялічыліся».

«Я здымаю капялюш перад знаходлівасцю піяршчыкаў з «Белнафтахіма», -- пракаментаваў такое тлумачэнне канцэрна эканаміст Сяргей Чалы. Ніякага дачынення да сусветных коштаў на нафту падаражэнне бензіну не мае, лічыць эксперт.

«З пачатку года сусветны кошт на нафту, у тым ліку расейскую, зменшыўся. Але пры гэтым ён вагаўся ў даволі шырокіх межах... І што самае цікавае — атрымліваецца, што ў гэтым прэс-рэлізе ніхто не зманіў: сапраўды ён з лютага па красавік вырас на 27,9%. Іншая справа, што важна не тое, што сказалі, а тое, чаго не сказалі, — што ў цэлым за гэты час ён знізіўся», - адзначыў эксперт.

Бензін — тавар акцызны, тлумачыць эканаміст. Прынамсі 60% у яго кошце — так званы падатак на аўтамабілістаў, за кошт якога папаўняецца бюджэт. Атрымліваецца, што без акцызу кошт літра бензіну АД-92 складзе 1150 рублёў!

Раней частка грошай звыш сабекошту паліва ішла на рамонт дарогаў. Зараз дарожны фонд адменены. Куды ж ідзе рэшта?

«Фактычна гэта падатак на аўтамабілістаў. Насамрэч, ён даволі справядлівы, паколькі здымаецца не з машыны, а з рэальнага карыстання — хто больш ездзіў, той больш і заплаціў. Гэта спосаб падвышэння бюджэтных прыбыткаў. А што рабіць? У нас у першыя месяцы гэтага года складвалася даволі цяжкая сітуацыя з напаўненнем бюджэту. У сітуацыі, калі спатрэбіцца павялічыць паступленні ў бюджэт, трэба знаходзіць новыя крыніцы. Вось і вырашылі ўзяць з тых, хто адносна багацейшы за іншых людзей. Але ж як прыгожа ашукалі замест таго, каб патлумачыць сапраўдную логіку... Гэта спосаб латаць дзірку, нічога большага», - лічыць ён.

Тым часам аўтамабілісты пратэстуюць супраць падвышэння коштаў на паліва. Яны арганізавалі акцыю «Стоп-бензін» і з 1 па 4 чэрвеня заклікаюць пакінуць свае аўтамабілі на стаянках і ў гаражах, а самім ездзіць на грамадскім транспарце ці хадзіць пешшу.

«У Расеі літр дызпаліва каштуе 19 рублёў — гэта 1900 беларускіх рублёў. Што такога ў нас адбылося, што кошт на паліва дасягае 2580? Хаця яно на парадак горшае...», — абураецца адміністратар сайта «Стоп-бензін» Аляксандр. — «Ні з таго ні з сяго трэці раз узнімаецца кошт на бензін. Нам жа ўжо абвясцілі, што будзе танная венесуэльская нафта, ужо рыхтуецца другая партыя... Чаму тады растуць кошты на бензін? Незразумела. Я асабіста гатовы плаціць за паліва дорага. Але, прабачце, забяспечце мне гэты бензін, гэтае дызпаліва адпаведнай якасці. Можна зрабіць такі маркетынгавы ход: бензін для багатых і бензін для бедных. Зрабіце бензін дрэннай якасці за тысячу і бензін добрай якасці за пяць. Але дайце права выбару».

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках