3 траўня 2024, Пятніца, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Наваполацка хочуць зрабіць з праваабаронцы неанацыста

5

У Наваполацку міліцыя расследуе крымінальную справу па факце з'яўлення ў горадзе нацысцкіх надпісаў. У межах справы яны праводзяць ператрусы ў праваабаронцаў.

Тыя скардзяцца ў пракуратуру, але атрымліваюць у адказ дзіўныя лісты. Праваабаронца Зміцер Салаўёў называе правакацыяй адказ з пракуратуры Наваполацка на сваю скаргу. Адказ падпісаны пракурорам горада А.Аўсюком.

Зміцер Салаўёў скардзіўся на дзеянні міліцыі, якія праводзілі ператрус у памяшканні, што належыць яму, у межах крымінальнай справы па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (па факце з'яўлення ў Наваполацку фашысцкіх надпісаў), паведамляе «Беларускі партызан».

Праваабаронца звяртае ўвагу на факты, выкладзеныя ў адказе гарадскога пракурора, якія не адпавядаюць сапраўднасці.

«Па гэтай справе дапытаны шэраг асобаў, адзін з іх паказаў, што каля двух гадоў таму пазнаёміўся з хлопцамі, якія прапанавалі стаць сябрам арганізацыі «Малады фронт». Офіс арганізацыі размяшчаўся па адрасе Наваполацк, вуліца Алімпійская, 2, - на першым паверсе, злева ад уваходу і ўяўляў з сябе пакой, дзе стаяла некалькі сталоў, кампутар, розныя кнігі, сцягі розных дзяржаваў… Увосень 2009 года, па просьбе хлопцаў, ён намаляваў фашысцкую свастыку на сцяне офіса на вуліцы…».

Зміцер Салаўёў заявіў, што з 2003 года, калі ён атрымаў гэты офіс, арганізацыя «Малады фронт» там ніколі не знаходзілася:

«У нас сапраўды збіраецца моладзь, але ніякага «Маладога фронту» там не было. На офісе часта бываюць актывісты, тая ж «Моладзь БНФ», і іншыя, хто займаецца культуралагічнай дзейнасцю».

Праваабаронца мяркуе, што гэта правакацыя.

«Гэта поўная хлусня. Неафашыстаў, якія сапраўды малявалі ў горадзе свастыку, яны не шукаюць. Мне тры разы прыходзілі адмовы, дзе казалася, што ў дзеяннях гэтых людзей няма складу крымінальнага злачынства. І зараз спрабуюць проста сфабрыкаваць справу з невядомых мне прычынаў. Наогул незразумела, чаму органы пракуратуры і міліцыя не ловяць гэтых неафашыстаў, а ствараюць праблемы іншым людзям. Яны спрабуюць абмазаць нас брудам і начапіць пэўны ярлык», - падкрэсліў З.Салаўёў.

Праваабаронца рыхтуе новую скаргу ў пракуратуру.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках