2 траўня 2024, Чацвер, 23:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Савет па маральнасці» не забараніў канцэрт Элтана Джона ў Менску

16

Арганізатары канцэрту Элтана Джона ў Менску абвяргаюць чуткі пра магчымую забарону канцэрту ў сувязі з пазіцыяй грамадскага савета па маральнасці.

Канцэрт вядомага музыкі адбудзецца, як і планавалася, 26 чэрвеня ў «Менск-Арэне», заяўляюць арганізатары.

Раней старшыня грамадскага савета Мікалай Чаргінец у інтэрв'ю СМІ паведаміў, што плануе паставіць пытанне аб разглядзе маральнасці канцэрту Элтана Джона ў Менску. У прыватнасці, паводле яго словаў, савет цікавіць, ці ўтрымліваюцца ў выступах сусветна вядомага музыкі заклікі да гомасэксуалізму ці іншыя моманты, якія супярэчаць маралі і беларускаму заканадаўству, паведамляе БелаПАН.

Паводле інфармацыі арганізатараў, на канцэрт Элтана Джона ўжо прададзеныя самыя дарагія (600 тысячаў рублёў) і самыя танныя (150 тысячаў) квіткі. У касы ўжо паступіла апошняя партыя квіткоў — каля дзвюх тысячаў. Арганізатары чакаюць прыезду гледачоў з Расеі, Украіны і краінаў Балтыі.

У партэры «Менск-Арэны» будзе 20 шэрагаў, за імі размесціцца танцпляцоўка. Гледачы таксама змогуць назіраць за шоў знакамітага выканаўца з трыбунаў — для іх зручнасці ўсё, што адбываецца, будзе транслявацца на чатырох 24-мятровых экранах. Кіраваць трансляцыяй будуць ангельскія і амерыканскія спецыялісты.

Для выступу Элтана Джона ў «Менск-Арэне» будзе сабраная велізарная 200-метровая прамавугольная сцэна, мантажом якой зоймуцца беларускія спецыялісты. Светлавую і гукавую апаратуру спецыяльна для канцэрту ў Менск прывязуць са Швейцарыі, яе ўсталяваннем будуць займацца спецыялісты з Лондану, паведамляюць арганізатары.

Чакаецца, што сэр Элтан Джон прыляціць у Менск 26 чэрвеня на асабістым самалёце і адразу ж адправіцца ў «Менск-Арэну» для падрыхтоўкі канцэрту. Проста за кулісамі асабісты кухар прыгатуе абед яму і яго камандзе. Пасля канцэрту музыка пакіне Менск.

Гэты пакуль адзіны на постсавецкай прасторы канцэрт Элтана Джона арганізуецца Белдзяржцыркам пры падтрымцы новай беларускай кампаніі «БелАрт Прадакшн энд Энтертэйнмент». Ён пройдзе ў межах сусветнага турнэ Elton John's Rocket Man Greatest Hits Tour.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках