17 траўня 2024, Пятніца, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаргінец хоча праверыць «маральнасць» Элтана Джона

73

Савет па маральнасці запатрабуе ў арганізатараў канцэрта Элтана Джона ў Менску запісу папярэдніх выступаў.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» кіраўнік савета Мікалай Чаргінец.

«Наш грамадскі савет у апошні час не засядаў, аднак калі яго чальцы паставяць пытанне аб разглядзе маральнасці канцэрта Элтана Джона, мы збярэмся для гэтага. Але з просьбай да арганізатараў канцэрта даць нам запісы папярэдніх выступаў спевака мы звернемся абавязкова», - паведаміў Чаргінец.

Ён адзначыў, што перад канцэртам гурта Rammstein у Менску (канцэрт адбыўся 7 сакавіка 2010 года) грамадскі савет па маральнасці таксама вывучаў запісы папярэдніх выступаў гурта. «Тое, што нам паказалі пра Rammstein, - гэта проста жах. І мы вельмі правільна зрабілі, што ўзнялі тады гэтае пытанне і арганізатары ў выніку звярнуліся з патрабаваннем да Rammstein не дапушчаць тых выбрыкаў, якія яны дапушчалі ў іншых месцах», - распавёў ён.

Чаргінец таксама дадаў, што грамадскі савет не выступае супраць канцэрта, адзначыўшы, што «мы супраць таго, каб здзекаваліся з маралі, здзекаваліся з нашых дзяцей, якія ідуць туды. Мы патрабуем, каб не паказвалі непрыстойныя рэчы, на якія дзецям, ды і дарослым таксама, глядзець не трэба. Так што разбярэмся».

Што ж датычыць непасрэдна персоны Элтана Джона, дык Чаргінец прызнаўся, што, «да свайго сораму», не ведае такога выканаўца. «Мы будзем меркаваць па тым, што нам пакажуць», - адзначыў ён.

Ацэньваючы выказванні, якія прыпісваюцца Элтану Джону, пра тое, што Ісус Хрыстос нібыта быў геем, Чаргінец заявіў, што «кожны мяркуе пра іншых па сабе». «Некаторыя прадстаўнікі нетрадыцыйнай арыентацыі хочуць прыцягнуць у свае шэрагі як мага больш вядомых постацяў, хаця б на словах. Ісус Хрыстос прапаведаваў каханне мужчыны і жанчыны. Адам і Ева не належалі да аднаго полу, і дзякуючы гэтаму з'явіліся на свет ўсе людзі, у тым ліку і тыя, хто любіць аднаполыя шлюбы», - дадаў суразмоўца.

Элтан Джон у межах сусветнага турнэ Elton John's Rocket Man Greatest Hits Tour выступіць у Менску 26 чэрвеня. Канцэрт пройдзе ў «Менск-Арэне» і стане адзіным у межах турнэ на постсавецкай прасторы.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках