Ярмошына: Прэзідэнцкая кампанія пачнецца не пазней за 6 лістапада
18- 29.06.2010, 14:52
Праз тыдзень кіраўнік Цэнтрвыбаркама сыходзіць у адпачынак.
Прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі пачнецца не пазней за 6 лістапада 2010 г., паведаміла сёння старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
«Паколькі выбары прэзідэнта павінны адбыцца да 6 лютага ўключна, выбарчая кампанія пачнецца не пазней за 6 лістапада», - сказала яна.
Ярмошына адзначыла, што кожны кандыдат у прэзідэнты павінен сабраць больш за 100 тысяч подпісаў у сваю падтрымку. «Для таго, каб гэта зрабіць, патрэбныя магутныя ініцыятыўныя групы колькасцю звыш 100 чалавек», - сказала старшыня ЦВК, паведамляе БелТА.
Як адзначае Еўрарадыё, заўтра «дэпутаты» «Палаты прадстаўнікоў» правядуць апошняе пасяджэнне вясновай сесіі і пойдуць на два месяцы ў адпачынак, так і не прызначыўшы дату прэзідэнцкіх выбараў. Тое, што ў гэтыя два апошнія працоўныя дні пытанне выбараў не будзе разглядацца, пацвердзілі як асобныя «парламентарыі», так і Лідзія Ярмошына.
«Ніякай падрыхтоўчай работы не праводзілася і нават ніякіх намёкаў няма з боку Палаты прадстаўнікоў на гэта. Абсалютна нічога не ўзгоднена, і мне нічога не вядома», - сказала чыноўніца.
А ў якасці доказу таго, што дата выбараў у бліжэйшы час вызначацца не будзе, старшыня ЦВК сказала, што асабіста яна з панядзелка ідзе ў адпачынак.