Істэрыка ў Менгарвыканкаме
40- 29.06.2010, 16:31
Менскіх чыноўнікаў назвалі «затлусцелымі» і абвінавацілі ў «знерухомленасці, расхлябанасці і нежаданні працаваць».
У Менскім гарвыканкаме пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі адбылася нарада. Гэта першае такое мерапрыемства пасля зацвярджэння Мікалая Ладуцькі старшынёй Менгарвыканкама, перадае «Інтэрфакс».
У пачатку нарады беларускі кіраўнік звярнуў увагу кіраўніцтва Менгарвыканкама і адміністрацый раёнаў сталіцы на «неабходнасць рацыянальнага выдаткоўвання бюджэтных сродкаў, захаванне якасці і тэрмінаў будаўніцтва жылля».
«Толькі ў 2009 годзе з-за завышэння кошту будаўнічых і рамонтных работ на гарадскіх аб'ектах, сума выяўленых нерацыянальных выдаткаў перавысіла Br2,5 млрд», - заявіў Лукашэнка.
Кіраўнік адзначыў, што гарадскія ўлады не надаюць належнай увагі эфектыўнасці выкарыстання сродкаў дзяржаўнай падтрымкі. «Заключэнні аб выдзяленні сродкаў падпісваюцца, і ніхто не імкнецца дэталёва пралічыць эфектыўнасць і магчымасць іх вяртання», - сказаў Лукашэнка.
Акрамя таго, па яго словах, да гэтага часу ў горадзе не наладжана эфектыўная і дзейсная сістэма кантролю за мэтавым выкарыстаннем прапанаваных зямельных участкаў, своечасовым і поўным спагнаннем плацяжоў за іх выкарыстанне». Толькі ў 2009 годзе з-за парушэнняў зямельнага заканадаўства гарадскі бюджэт недаатрымаў звыш Br15 млрд», - канстатаваў ён.
Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці істотнага ўзмацнення жорсткасці кантролю за якасцю і тэрмінамі будаўніцтва жылля. Па яго словах, што за першыя 4 месяцы гэтага года «Менск не толькі не дацягнуў да запланаваных аб'ёмаў, але і пабудаваў менш чым год таму». Акрамя таго, дадаў ён, «практычна 30% ад уведзенага жылля здадзена ў эксплуатацыю з істотнымі парушэннямі».
Кіраўнік таксама незадаволены ўзроўнем інвестыцыйнай актыўнасці. «Інакш як абсурдным не назавеш той факт, што ў мінулым годзе па тэмпах росту інвестыцый у асноўны капітал сярод рэгіёнаў рэспублікі Менск заняў апошняе месца», - заявіў ён.
«Яшчэ больш гаротная карціна з прыцягненнем у эканоміку горада замежных інвестыцый», - сказаў ён. Пры гэтым заявіў, што яго сустрэча з інвестарамі, як замежнымі, так і айчыннымі, «пераканаўча паказвае, што цікавасць да нашай краіны і асабліва да Менску - каласальная.
Толькі ніхто не можа прабіць вашу чынавенскую бюракратычную браню», - сказаў Лукашэнка. «Знерухомленасць, расхлябанасць і нежаданне працаваць з боку мясцовых уладаў - вось сапраўдныя прычыны так званага «паніжэння дзелавой актыўнасці, - падкрэсліў ён.
Спасылаючыся на інфармацыю Камітэта дзяржаўнага кантролю, Лукашэнка адзначыў, што з парушэннем устаноўленых тэрмінаў у Менску рэалізуецца 23 інвестыцыйныя праекты з 55, непачатая ў вызначаныя тэрміны рэалізацыя яшчэ 11 праектаў. «Сітуацыю трэба мяняць карэнным чынам», - заявіў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што «занепакоены» высокім узроўнем карупцыі ў Менску, папярэдзіўшы аб узмацненні барацьбы ў гэтай сферы.
«Асобная тэма - карупцыя. Прабачце за грубасць, але самыя «затлусцелыя» ў нас чыноўнікі - у Менску», - адзначыў ён.
У прыватнасці, канстатаваў Лукашэнка, «колькасць карупцыйных злачынстваў у сталіцы за мінулы год павялічылася на 36%». Па дадзеных праваахоўных і кантралюючых органаў, «55% ад агульнай сумы атрыманых хабараў у рэспубліцы прыпадае на сталіцу». «Я яшчэ раз хачу паўтарыць: не накідвайце сабе «пятлю на шыю», - заявіў ён.
Лукашэнка таксама выказаў занепакоенасць крымінагеннай абстаноўкай у Менску. Ён канстатаваў, што «ўзровень злачыннасці ў Менску, як і раней, застаецца самым высокім у рэспубліцы з разліку на 10 тыс. насельніцтва - 65, у той час як па рэспубліцы - 47». Больш за тое, працягнуў ён, «і ў 2009 годзе, і ў гэтым годзе адбыўся рост злачынстваў». «З такой сітуацыяй мірыцца нельга, калі мы паставілі сабе мэту ператварыць Менск ва ўзорна еўрапейскую сталіцу», - сказаў Лукашэнка. «Я папрашу гэтым неадкладна заняцца і прыняць самыя жорсткія меры да парушальнікаў правапарадку і дысцыпліны», - запатрабаваў ён.