Ідэолаг вырашыў прымусова выселіць Свабодны прафсаюз
18- 8.07.2010, 16:47
Намдырэктара па ідэалагічнай працы Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў Пётр Слабадчук хоча выселіць першасную арганізацыю СПБ з офіса.
Законным шляхам яму гэта зрабіць не ўдаецца, умовы дамовы арэнды не дазваляюць. Таму ідэолаг заявіў аб намеры вырашыць праблему прымусова.
Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў распавёў сайту praca-by.info, што ідэолаг завода накіраваў у прафсаюз ліст, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: «прапаную стварыць камісію па прымусовым перамяшчэнні офіснай маёмасці прафсаюзнага камітэта СПБ у спецыяльна адведзенае памяшканне для далейшай працы».
- Я атрымаў гэты ліст, і мне прыгадаўся 2008 год, калі Расея прымушала Грузію да міру шляхам вайны, - пракаментаваў ініцыятыву заводскага ідэолага Міхаіл Кавалькоў.
- Імкненні ідэолага нам зразумелыя, - дадаў прафсаюзны лідэр. - Ён хоча перасяліць нас, каб супрацоўнікі не маглі з тэрыторыі завода трапіць у офіс прафсаюза. Ён хоча такім чынам стварыць дадатковую перашкоду, каб людзям было цяжэй кантактаваць са Свабодным прафсаюзам. Але ў яго няма для гэтага ніякіх законных падстаў. Дагавор арэнды ў нас заканчваецца ў 2012 годзе. Да таго ж мы строга выконваем усе ўмовы дамовы, плацім дакладна ў тэрмін. Выселіць нас могуць толькі па рашэнні суда, а не па загадзе ідэолага завода.
Міхаіл Кавалькоў выказаў надзею, што загад аб перасяленні СПБ прымусовым шляхам - гэта самастойнае рашэнне ідэолага, і кіраўніцтва прадпрыемства не падтрымае яго.
- Я не ведаю, што Слабадчук хацеў паказаць сваімі дзеяннямі, - сказаў Міхаіл Кавалькоў, - але мы расцэньваем гэта як умяшанне ва ўнутраныя справы прафсаюза, перашкоды законнай дзейнасці нашай арганізацыі.
Паводле загада Слабадчука, камісія па высяленні СПБ з офіса павінна была працаваць 30 чэрвеня. Аднак распараджэнне ідэолага ў прызначаны тэрмін выканана не было.
Па словах Міхаіла Ковалькова, прафсаюз ніяк не адрэагаваў на ліст ідэолага. Пётр Слабадчук, у сваю чаргу, таксама ніякіх дзеянняў не распачаў.
Тым не менш, як паведаміў прафсаюзны лідэр, СПБ рыхтуе дакументы ў пракуратуру з патрабаваннем разабрацца ў супрацьпраўных дзеяннях прадстаўніка адміністрацыі Пятра Слабадчука.