Тры арбітры з Беларусі будуць абслугоўваць матчы чэмпіянату КХЛ
1- 8.09.2010, 14:12
Беларусы будуць абслугоўваць матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі, які стартуе 8 верасня паядынкам «Ак Барс» (Казань) - «Дынама» (Масква).
Як інфармуе афіцыйны сайт КХЛ, сёння ў Маскве скончыўся збор галоўных арбітраў, якія прайшлі перадсезонную падрыхтоўку. Падчас збору супрацоўнікі дэпартамента судзейства Кантынентальнай хакейнай лігі правялі з арбітрамі заключныя кансультацыі перад пачаткам чэмпіянату, разабралі сітуацыі, якія мелі месца ў перадсезонных матчах і турнірах. Быў таксама зацверджаны спіс галоўных і лінейных арбітраў, дапушчаных да працы ў чэмпіянаце КХЛ сезона-2010/11, перадае БелТА.
Сярод галоўных суддзяў адзін прадстаўнік Беларусі - менчук Уладзімір Налівайка (1977 года нараджэння). Сярод лайнсменаў - менчукі Дзмітрый Галяк (1984) і Іван Дзядзюля (1984). Яны ж працавалі на матчах лігі ў мінулым сезоне.
Усяго ў спісе 32 галоўныя арбітры і 53 лінейных. Акрамя трох беларусаў, у ліку суддзяў КХЛ яшчэ тры прадстаўнікі не з Расеі. Гэта галоўны арбітр Эдуард Адзіньш (1976), а таксама лайнсмены Ансіс Эгліціс (1974) і Юрыс Балодзіс (1974) з Рыгі.