Нюансы геапалітыкі: Не двойка ў тройку, а тройка ў двойку
40- 25.11.2011, 9:56
Дзяржсакратар фантомнай «саюзнай дзяржавы» Павел Барадзін вельмі хоча застацца на сваёй пасадзе.
Павел Барадзін, якога, як чакаецца, Вышэйшы дзяржсавет «Саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі вызваліць у пятніцу ад пасады дзяржсакратара, заклікаў не вінаваціць у сваёй адстаўцы першых асоб краіны і заявіў пра гатовасць працягваць працаваць на сваёй пасадзе.
У апублікаваным у пятніцу інтэрв'ю газеце «Коммерсант» П. Барадзін пацвердзіў, што ён і далей бы з задавальненнем працаваў дзяржсакратаром «Саюзнай дзяржавы», перадае «Інтэрфакс».
«Вядома, я ж заўсёды працаваў», - падкрэсліў ён.
Па словах П. Барадзіна, «вельмі важная была і праца нашага парламенцкага сходу, міністэрстваў, ведамстваў, нашага Саўміна, Вышэйшага дзяржсавета», аднак выканаўцам ўсіх рашэнняў быў ён.
Дзяржсакратар нагадаў, што рашэнне аб ягонай адстаўцы павінен прыняць Вышэйшы дзяржаўны савет. «Як ён вырашыць, так і будзе. У маю кампетэнцыю гэта не ўваходзіць. Я займаюся толькі тым, што мне даручаюць», - адзначыў П. Барадзін.
«Калі я гэтую пасаду заняў, тавараабарот Расеі і Беларусі быў $6,8 млрд. У гэтым годзе ён складзе $40 млрд! Мы за гэтыя гады паднялі з каленаў 28 тыс. прадпрыемстваў Беларусі і Расеі. Толькі ў межах нашых 45 праграм створана 5 млн працоўных месцаў», - паведаміў дзяржсакратар аб сваіх дасягненнях.
Ён падкрэсліў, што «першыя асобы» да ягонай адстаўкі стаўлення не маюць, падкрэсліўшы, што ў яго самога «няма ніякіх амбіцый».
П. Барадзін лічыць, што ў ходзе стварэння Еўразійскай саюза Казахстан павінен стаць сябрам Саюзнай дзяржавы: «Я лічу, што не двойка павінная ўвайсці ў тройку з Казахстанам. А тройка ў двойку».
Дзяржсакратар не ўдакладніў выданню, чым канкрэтна ён плануе займацца пасля сыходу са сваёй пасады. «Я заўсёды буду займацца сваёй справай», - перакананы П. Барадзін.
Ён заявіў, што ўсё сваё астатняе жыццё мае намер «жыць і працаваць для людзей»: «Я даў сабе заданне - да 81 года быць на службе і дажыць да 95 гадоў».