Хто загадаў праслухоўваць кандыдатаў у прэзідэнты?
40- 25.11.2011, 12:15
Генпракуратура хавае, хто даў дабро на праслухоўванне кандыдатаў.
Яшчэ ў ліпені тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч паведаміў аб правядзенні праверкі па факце праслухоўвання. Але не абвясціў вынікаў. Маўляў, трэба глядзець дакументы, паведамляе «Наша Ніва».
Месяц таму «НН» звярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі, якую цяпер узначальвае Аляксандр Канюк.
Папрасілі прадставіць інфармацыю аб выніках праверкі. Хто і на якой падставе выдаваў санкцыі, калі санкцыі прысутнічалі, на праслухоўванне тэлефонных размоваў Зміцера Уса, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева?
«Даводжу да Вас, што дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжаная магчымасць выдачы органамі пракуратуры звестак, якія Вы запытваеце», - прыйшоў адказ з Генпракуратуры.
Аб фактах праслухоўвання было вядома і раней. Але раней пра гэта не заяўлялі з гонарам. Пасля выбараў 2010 года прарвала.
Першымі аб праслухоўванні кандыдатаў і іхніх штабоў заявілі дзяржаўныя СМІ.
Найбольш поўная карціна пачала вымалёўвацца з пачаткам судовых працэсаў над удзельнікамі Плошчы.