Арыштаваць Лукашэнку павінен быў спецназ з Мар'інай Горкі
90- 25.11.2011, 15:48
У гадавіну рэферэндуму 1996 года ўдзельнікі тых палітычных падзеяў ацэньваюць значэнне таго, што адбылося.
«Пасля рэферэндуму апазіцыя была фактычна разгромленая і ператварылася ў дысідэнтаў», - кажа Павел Знавец, дэпутат Вярхоўнага савета ХIII склікання.
Павел Знавец кажа пра «прававы Чарнобыль», які наступіў у Беларусі пасля правядзення рэферэндуму. Аднак гэта можна было ў свой час прадухіліць.
«Старшыня Вярхоўнага савета Шарэцкі хадзіў некалькі гадзін перад Домам ўрада са старшынём КДБ і МУС - абмяркоўвалі пытанне. Быў падрыхтаваны загад аб арышце Лукашэнкі, і сакрэтна даручана гэта было зрабіць мар'інагорскаму спецназу, - распавёў Павал Знавец у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат». - Для таго, каб гэта ўсё адбылося, патрэбнае было палітычнае рашэнне, воля Канстытуцыйнага суда, які быў апошняй інстанцыяй і на яго ўскладалі надзеі дэпутаты, якія падпісаліся за імпічмент. Але, на жаль, «здаў з трыбухамі» і Вярхоўны савет, і законнасць, і дэмакратыю старшыня Канстытуцыйнага суда Ціхіня».
Калі Лукашэнка атрымаў фактычна неабмежаваную ўладу, на думку Знаўца, ён брутальна разагнаў апазіцыю і законнасць у краіне.
«Калі мы хочам вярнуцца ў прававое поле, мы павінныя вярнуцца да Канстытуцыі (1994 года), і магчыма, трэба будзе збіраць канстытуцыйны сход. Гэта будзе потым. А цяпер трэба падумаць аб тым, як прымусіць дыктатара сысці без крыві. Каб прымусіць сысці не так, як Кадафі, які разбурыў краіну, а - мірным шляхам. На жаль, тут вялікае пытанне - і я ў гэтым застаюся песімістам.
Народ ужо заплаціў крывёю за памылку, якую зрабіў у 1994 годзе, калі галасаваў не розумам, а эмоцыямі», - дадаў Павел Знавец.