Масавыя скарачэнні на МАЗе: звольнілі 4,5 тысячы працоўных
101- 16.02.2011, 12:46
«МАЗ падышоў ледзь ці не да банкруцтва», - прызнаюцца чыноўнікі.
Са снежня 2009 года на Менскім аўтамабільным заводзе былі звольненыя 4,5 тысячы чалавек. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, адказваючы 16 лютага на пытанні дэпутатаў падчас пашыранага пасяджэння камісіі «палаты прадстаўнікоў» па дзяржбудаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.
Паводле словаў віцэ-прэм'ера, два гады таму МАЗ «падышоў ледзь ці не да банкруцтва». Рэнтабельнасць прадпрыемства склала мінус 6,7%. «У гэтай сітуацыі былі «з'едзеныя» амаль ўсе абаротныя сродкі. Мы вымушаныя былі даць бюджэтную пазыку на 375 млрд. рублёў», - цытуе БелаПАН Сямашку.
У снежні 2010 года, па ягоных дадзеных, рэнтабельнасць МАЗа склала ўжо плюс 9,2%, а зараобак павялічыўся з 1 млн. 68 тыс. да 2 млн. 32 тыс. рублёў.
Адной з мер па паляпшэнні эканамічнага стану прадпрыемства, заявіў Сямашка, сталі дзеянні дырэктара (у снежні 2009 года гендырэктарам МАЗу быў прызначаны Аляксандр Бароўскі). Ён, па словах першага віцэ-прэм'ера, «спакойна, без шуму, нікога не пакрыўдзіўшы, прыбраў з прадпрыемства 4,5 тысячы чалавек». «Дзякуй богу, Менск - вялікі горад, праглынуў», - дадаў Сямашка.
Завышаная колькасць працоўных назіраецца сёння і на іншых прадпрыемствах краіны, заўважыў першы віцэ-прэм'ер.
Нагадаем, што ў аўторак расейская дзяржаўная карпарацыя «Растэхналогіі» накіравала ўраду Беларусі прапанову аб'яднаць «КамАЗ» і Менскі аўтамабільны завод. Пра гэта ў аўторак заявіў прэзідэнт «Растэхналогій» Сяргей Чамезаў.
Пасля аб'яднання кампаній расейскае прадпрыемства стане 100-адсоткавым уладальнікам «МАЗа», тады як беларускія ўлады атрымаюць у сваё распараджэнне пакет акцый Камскага аўтазавода. Па словах Чамізава, гэта «наўрад ці будзе блокпакет», аднак дакладную долю можна будзе назваць толькі пасля ацэнкі «МАЗа» расейскім бокам.
У цяперашні час Менскі аўтазавод з'яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам. На ім вядзецца выпуск грузавых аўтамабіляў, шасі, прычэпаў і аўтобусаў. У сваю чаргу, амаль палова кампаніі «КамАЗ» (49,9 адсотка) належыць дзяржкарпарацыі «Растэхналогіі», яшчэ 27,3 адсотка - «Тройке Дыялог». Акрамя таго, у якасці акцыянераў Камскага аўтазавода лічыцца канцэрн Daimler (11 адсоткаў) і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (4 адсоткі).
Арыенціровачны кошт МАЗа, за які беларускія ўлады гатовыя прадаць аўтагігант - 2,5 мільярды даляраў.