Рашэнне аб закрыцці «Аўтарадыё» засталося ў сіле
6- 29.03.2011, 13:13
Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі 29 сакавіка пакінуў у сіле рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё».
Такім чынам, суддзя Дзмітрый Аляксандраў не задаволіў пазоў радыёстанцыі да камісіі, адмяніўшы ранейшае рашэнне ВГС, перадае БелаПАН.
Галоўны рэдактар «Аўтарадыё» Юрый Базан заявіў, што абскардзіць гэтае рашэнне ў касацыйнай інстанцыі.
Нагадаем, 28 сакавіка ВГС не задаволіў яшчэ адзін пазоў ЗАТ «Аўтарадыё» - да Міністэрства інфармацыі, з патрабаваннем адмяніць вынесенае FM-станцыі папярэджанне.
Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду 17 сакавіка адмяніла рашэнне ВГС па пазовах «Аўтарадыё» да Міністэрства інфармацыі і Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі і накіравала справу на паўторны разгляд.
9 сакавіка ВГС прызнаў несапраўднымі папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае ЗАТ «Аўтарадыё», а таксама рашэнне Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні аб спыненні вяшчання радыёстанцыі.
Папярэджанне было вынесенае Мінінфармам 10 студзеня і стала адной з падставаў для спынення вяшчання радыёстанцыі 12 студзеня па рашэнні камісіі. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, прычынай папярэджання і спынення вяшчання «Аўтарадыё» стала распаўсюджванне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, якая «змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Менавіта так чыноўнікі расцанілі словы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава ў рэкламным роліку аб тым, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы».