МЗС і Мінабароны ізноў усё адмаўляюць
32- 6.04.2011, 14:56
"Вайсковых спецыялістаў у Лівіі няма і быць не можа", заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у сувязі з публікацыяй у газеце «Камсамольская праўда».
"Наіўна меркаваць іншае", лічыць прадстаўнік МЗС.
"Размова з супрацоўнікам Амбасады Беларусі ў Лівіі цалкам сфальсіфікаваная. Гэты, з дазволу сказаць, журналіст, адсутнасць прафесійнай этыкі якога відавочная, тэлефанаваў у амбасаду з пытаннямі аб беларускіх медыках, якія ад'яджаюць", заяўляюць у беларускім МЗС.
"З'яўленне такога артыкула можна разглядаць як жаданне жоўтай прэсы зарабіць на легкавернасці чытачоў. Альбо мы сутыкнуліся з чарговай акцыяй па дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь", упэўнены прэс-сакратар.
"Паказальна, што тэхналогія такіх трукаў мяркуе з'яўленне ілжывай публікацыі ў адной з газет, якая мае нізкую рэпутацыю або рэйтынг якой не мае значэння. Далей матэрыял тыражуецца ўжо так званымі "рэспектабельнымі" СМІ, якія адказнасці за змест ўжо не нясуць", раскрывае змову Андрэй Савіных.
"З чым мы сутыкнуліся - таннымі манеўрамі жоўтай прэсы ці прадуманай маштабнай правакацыяй - стане вядома ў бліжэйшы час. Вось і атрымліваецца, што ў публікацыі «Камсамальскай праўды» "камсамольскага запалу" шмат, а праўды няма", скаламбурыў прэс-сакратар беларускага міністэрства замежных спраў.
Аналагічную заяву зрабіла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Мінабароны: У Лівіі знаходзіцца адзін вайсковец
"У сувязі з размяшчэннем ў «Камсамольскай праўдзе» і шэрагу апазіцыйных рэсурсаў інфармацыі па пытаннях нібыта наяўнасці беларускіх вайскоўцаў у Лівіі, Міністэрства абароны заяўляе, што дадзеная інфармацыя мае правакацыйны характар і не адпавядае рэчаіснасці", сцвярджаюць у Мінабароны.
"У Лівіі знаходзіцца адзін вайсковец - вайсковы аташэ ў складзе амбасады Рэспублікі Беларусь", гаворыцца ў спецыяльным прэс-рэлізе міністэрства.