Туркменскі досвед
18- 15.06.2011, 10:40
Былы амбасадар Туркменістана ў Беларусі Ілля Вяльджанаў не толькі не пакінуў нашую краіну, але і заняўся актыўнай дзейнасцю ў падтрымку дыктатуры.
Ілля Вяльджанаў ў свой час быў нават дуаенам менскага дыпкорпуса, хоць заўсёды хадзілі розныя версіі, грамадзянінам якой краіны гэты дыпламат на самой справе з'яўляецца. З аднаго боку, ён першы ў гісторыі Туркменістана генерал-лейтэнант, першы амбасадар Туркменістана ў Беларусі. Але, з іншага боку, яшчэ будучы амбасадарам, Вяльджанаў выпусціў у Менску кнігу, у якой ёсць цэлы раздзел «Мая краіна - Беларусь». Плюс да таго, ён выступаў на трэцім Усебеларускім народным сходзе, добра разумеючы, што падобныя мерапрыемствы ў Беларусі - перадвыбарныя. Прычым, у гэтым выступе называў нашую краіну эталонам для пераймання, піша «Народная воля».
Вяльджанаў - былы намеснік камандуючага Беларускай вайсковай акругай, добра ведае Беларусь. Мабыць, таму ў 1995 годзе было вырашана, што менавіта ён узначаліць туркменскую дыпмісію ў Менску. Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам ён быў рэкордную колькасць год - да 2007 года. Аднак пасля таго, як улада ў Ашхабадзе памянялася і прэзідэнтам стаў Гурбунгулы Бердымухамедаў, пасланца ў Менску таксама было вырашана змяніць. І ранейшы туркменскі амбасадар апынуўся невяртанцам.
Ілля Вяльджанаў на Радзіму не паехаў, і зараз ён нават узначальвае менскую гарадскую арганізацыю Беларускага Саюза афіцэраў. Нагадаем, што менавіта гэтае грамадскае аб'яднанне найбольш актыўна ўдзельнічае ў агітацыі за дзеючага прэзідэнта падчас выбарчых кампаній. Прычым, сталічная арганізацыя ў гэтым плане з самых актыўных актыўная. Туркменскі досвед...