ВГС разгледзіць іск Мінінфарма аб закрыцці «Народнай волі»
9- 12.07.2011, 16:54
Судовы працэс па пазове Міністэрства інфармацыі аб спыненні выпуску газеты «Народная воля» пачнецца 13 ліпеня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе ў 10 гадзін раніцы.
Аб гэтым паведаміла БелаПАН намесніца галоўнага рэдактара выдання Марына Коктыш.
Па ейных словах, 12 ліпеня ў рэдакцыю прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія прынеслі пратакол аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці, складзены на падставе ліста з Мінінфарма.
«Міністэрства інфармацыі накіравала паперу ў Галоўнае ўпраўленне ўнутраных справаў Менгарвыканкама. Папера гэтая завецца «Аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці», - распавяла Коктыш. - Першы абзац гучыць так: «У адпаведнасці з часткай 3 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях накіроўваем матэрыялы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці юрыдычных асоб, на якіх ускладзеныя функцыі рэдакцый газет «Народная воля» і «Наша ніва». Міністэрства інфармацыі вынесла названым асобам некалькі пісьмовых папярэджанняў аб парушэнні патрабаванняў закона аб СМІ на працягу аднаго года». «Гэтую цудоўную паперу падпісала першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч», - дадала Коктыш.
Яна адзначыла, што 11 ліпеня супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да іх у рэдакцыю і ў рэдакцыю газеты «Наша ніва». «Але ўчора не было нашага галоўнага рэдактара, а яны хацелі менавіта з ім пагаварыць. Сёння яны прыйшлі паўторна, пакінулі нам пратакол і гэтую паперу. Нас, як злосных парушальнікаў, цяпер прыцягнуць да адказнасці. Адказнасць там, наколькі я памятаю, максімальна - 17 мільёнаў рублёў штрафу», - выказала здагадку Коктыш.
На думку Коктыш, сітуацыя з «Народнай воляй» будзе развівацца па сцэнары «Нашай нівы». «Мы думаем, што будзе лагічна, калі Мінінфарм адкліча свой пазоў і па «Народнай волі», - сказала яна.