Народная салідарнасць з асуджанымі за «маўклівую» акцыю (Фота)
57- 5.07.2011, 13:27
Учора былі асуджаныя 140 чалавек, якія пляскалі ў ладкі 3 ліпеня.
Амаль усім ім далі суткі і цяпер яны ўтрымліваюцца на Акрэсціна. І зараз сваякі, сябры і знаёмыя рэпрэсаваных прыйшлі пад ізалятар, каб зрабіць перадачы тым, каго пасадзілі. А дзяцей саджалі на пяць, дзесяць, пятнаццаць сутак, паведамляе блогер Максім Чарняўскі.
З самай раніцы ініцыятыўная група людзей з'ездзіла ў гіпермаркет і закупіла вады і прадметаў першай неабходнасці на суму амаль у два мільёны - гэта тыя грошы, якія ахвяравалі самыя розныя людзі.
Сярод закупленых рэчаў - вільготныя сурвэткі, туалетная папера, дзіцячы крэм, вада, цыгарэты, запалкі, крыжаванкі, сшыткі, зубныя шчоткі і пасты. Усе рэчы былі выгружаныя каля ізалятара, дзе кожны чалавек можа ўзяць па камплекце прадметаў і перадаць яго асуджаным.
Таксама складаюцца спісы, каму родныя перадалі перадачу. Тыя, каму не прынеслі, рабяты самі будуць рабіць перадачу з набытых рэчаў і прадуктаў. На дадзены момант перадачы ад сваякоў і сяброў атрымалі ўжо больш за дваццаць чалавек, стала падыходзяць новыя людзі, перад уваходамі ў ізалятар сабралася чарга.
У 12:00 затрыманая моладзь пачала махаць рукамі з-за кратаў, людзі каля ізалятара пачалі ім апладзіраваць. Выйшаў міліцыянт, сказаў, калі яшчэ такое паўторыцца, перадач яны больш не прымуць.
Перадачы прымаюць з 11:00 да 14 і з 14 да 18:00. Перадаваць можна ваду і сокі ў празрыстай тары, газеты, крыжаванкі, прадметы першай неабходнасці, тэарэтычна можна перадаваць вопратку, але сёння яе не прымаюць. Афіцыйна НЕЛЬГА перадаваць ежу і цыдулкі. Але іх можна схаваць - у газетах ці іншым спосабам.








Фота Антона Сурапіна.