26 красавiка 2024, Пятніца, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сведка: Жанчыну запіхалі ў машыну разам з дзіцячым вазочкам

40

Уладзімір Малярчук распавёў пра ўчорашнія затрыманні ў цэнтры Вілейкі.

Вілейка ўчора была адзіным горадам у Беларусі, дзе некалькі чалавек усё ж такі выйшлі на плошчу і дзе адбыліся затрыманні (як вядома, «маўклівай» акцыі ўчора не было). Сёння адбудзецца суд над Уладзімірам Малярчуком, Маргарытай Селязнёвай і Зміцерам Капцюгом.

Вось што распавёў «Еўрарадыё» пра ўчорашнія падзеі адзін з затрыманых, кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Малярчук.

- Арганізатары РПСС учора не праводзілі традыцыйных «маўклівых» акцый па серадах, а вас усё роўна затрымалі. Распавядзіце, што здарылася?

- Тое, што адбылося ў нас у Вілейцы - гэта трохі спантанная сустрэча. Мы таксама не абвяшчалі, нідзе гэтага не было. У 19.30 я пайшоў у краму і вырашыў зайсці на плошчу, гэта як раз па дарозе, паглядзець, можа там ёсць нехта з нашых? Калі я выйшаў на плошчу, убачыў, што там тры чалавекі маіх знаёмых. Я падышоў і распачаў гутарку.

Мы пагаварылі літаральна пяць хвілін, і адна з жанчын, якая прысутнічала, сказала, што едзе з Беларусі, бо тут такая сітуацыя нядобрая. Я пажадаў поспеху і прапанаваў папляскаць ёй. Мы папляскалі, развіталіся з дзяўчатамі, і я пайшоў у краму. І тут наляцелі з усіх бакоў... Захацелі праверыць нашыя дакументы. Паказалі пашпарты, у каго былі, але гэта не стала падставай для таго, каб нас адпусцілі. Падагналі машыну і пачалі «грузіць». І сказалі, што трэба праехаць у аддзяленне.

- Гэтыя словы «ўдакладненне асобы» асабліва да вас, калі вас ведае ў Вілейцы, напэўна, кожны міліцыянт, неяк дзіўна гучаць...

- Гэта была падстава, каб нас забраць у пастарунак, таму што калі нас прывезлі ў аддзяленне, капітан Дурэйка сказаў: «Не трэба нічога, я вас добра ведаю. Пасядзіце пакуль». Гэта была проста падстава. Нас было трое, і забралі яшчэ чацвёртую жанчыну з дзіцём, якому толькі тры тыдні. Разам з вазочкам дзіцячым запхалі ў машыну. Потым ім нешта «стукнула» ў галаву, што янеяк непрыстойна трохтыднёвае дзіцятка затрымліваць. Выцягнулі вазок, і сказалі ёй, што яна (маці дзіцяці - Еўрарадыё) вольная.

- Гэтая жанчына з дзіцём таксама разам з вамі была на плошчы?

- Так. Гэтая жанчына была два тыдні таму таксама затрыманая з ейнац маленькай дачкой. Быў допыт, пратакол допыту і яе адпусцілі. І вось цяпер яе зноў спрабавалі затрымаць.

- Чым скончылася вашае вечаровае затрыманне?

- Склалі пратакол «аб удзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

- Які працяг гэта можа мець?

- Усіх трох сёння а 15-й гадзіне выклікалі ў суд. Чым скончыцца, пакуль невядома. Дзмітрый Капцюг літаральна тыдзень таму выйшаў з сямі сутак, яго таксама за «маўклівую» акцыю затрымалі.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках